Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое сутак затрыманьня ў КДБ сканчаюцца. Што далей?


Будынак КДБ у Менску

Будынак КДБ у Менску

Сёньня сканчаюцца трое сутак папярэдняга затрыманьня бальшыні тых, хто знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Пакуль вядома, што сьледзтвам працягнуты тэрмін знаходжаньня пад вартай былому кандыдату ў прэзыдэнты Аляксею Міхалевічу. Як будуць разьвівацца падзеі далей, што пагражае затрыманым?

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, што да ўтрыманьня амаль двух дзясяткаў чалавек ў сьледчым ізалятары КДБ, выказвае такое меркаваньне:

"Паколькі яны абвінавачваюцца ў цяжкім злачынстве, ім могуць працягнуць тэрмін да 10 сутак для выстаўленьня абвінавачваньня. Такая пастанова агалошваецца ў прысутнасьці адваката падазраванаму, і ён пераходзіць ужо ў статус абвінавачанага".

Юрыст, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч кажа:

"Я думаю, што ўлады працягнуць статус падазраваных і меру прымусовага ўтрыманьня для астатніх фігурантаў гэтай справы яшчэ на 7 сутак, аналягічна з Аляксеем Міхалевічам. На працягу гэтых 7 сутак будуць вырашаць, ці выстаўляць абвінавачваньні. Зразумела, што зараз спрабуюць прад'явіць абвінавачваньне асноўным фігурантам, у першую чаргу Саньнікаву, Статкевічу і Някляеву. Таму, думаю, яшчэ 7 дзён, калі яны будуць знаходзіцца затрыманымі ў статусе падазраваных. А пазьней будзе выстаўлена абвінавачваньне большасьці тых, хто затрыманы".
Улады працягнуць статус падазраваных і меру прымусовага ўтрыманьня для астатніх фігурантаў гэтай справы яшчэ на 7 сутак

Да бальшыні затрыманых ужо прыходзілі адвакаты, праўда, сьледзтва прымушае іх падпісваць так званыя "абавязаньні аб невыдаваньні таямніцы сьледзтва", альбо падпіскі ад неразгалошваньні. Праваабаронца Тацяна Процька заўважае, што да Ўладзімера Някляева дагэтуль не дапусьцілі ягоную адвакатку Тамару Сідарэнку:

"Пра што гэта сьведчыць? Пра тое, што яны шукаюць падставу для завядзеньня крымінальнай справы па факце, што менавіта гэтыя людзі арганізавалі гэты акт і яго зьдзейсьнілі. Тое, што Някляеў не зьдзяйсьняў гэты акт, сьведчыць тое, што ён ужо знаходзіўся ў пастарунку. Тое, што ён яго арганізаваў – вельмі хісткі доказ. Адзінае, ён казаў людзям прыйсьці на плошчу падчас сваіх выступаў як кандыдат у прэзыдэнты. А больш няма ніякіх доказаў. Някляеў хацеў толькі мірнага разьвіцьця падзеяў".

Сваякам, блізкім не даюць інфармацыі пра стан здароўя, умовы ўтрыманьня зьняволеных, у іх не прымаюць перадачы – маўляў, дазволена толькі пасьля трох сутак. Родныя занепакоеныя. Юлія Бандарэнка, дачка каардынатара кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Зьмітра Бандарэнкі, які некалькі разоў ужо сядзеў у прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна, кажа:

"Я розумам разумею, што ён там, што гэта будзе ўжо не 15 ці 30 сутак, а калі выставяць сур'ёзныя абвінавачаньні, лік можа быць на гады. Але ўсьведамленьня гэтага ў мяне яшчэ няма, што сапраўды гэта можа быць так".

Уладзімер Халіп, бацька журналісткі Ірыны Халіп, якая разам са сваім мужам Андрэем Саньнікавым знаходзіцца ў СІЗА КДБ, распавёў пра свайго трохгадовага ўнука Данілу:

"Хлопчык нешта зразумеў, хоць і малы, і пытаецца ўвесь час: "А тата і мама калі-небудзь вернуцца?"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG