Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад такім загалоўкам журналіст Ганс Росэн апублікаваў сёньня артыкул у швэдзкай газэце "Dagens Nyheter", у якім піша, што швэдзкі тэлекамунікацыйны канцэрн Ericsson прадаў Беларусі абсталяваньне для падслухоўваньня тэлефонных размоваў і адсочваньня электроннай пошты.

Росэн паведамляе швэдзкім чытачам, што запісы тэлефонных размоваў і перахоп электроннай пошты, якія робяцца беларускім КДБ, выкарыстоўваюцца ўладамі ў палітычна матываваных судовых справах.

Паводле інфармацыі, пацьверджанай журналісту Ericsson'ам, у Беларусі тры кампаніі маюць швэдзкае абсталяваньне, якое дазваляе падобны перахоп: Белтэлеком, Вэлком і Life.

Росэн піша, што дзяржаўная кампанія Белтэлеком кантралюе ўсю сыстэму аптычных валокнаў, па якой адбываецца ўвесь інтэрнэтны трафік у краіне, а Вэлком зьяўляецца аўстрыйскай кампаніяй, якая мае ліцэнзію на паслугі мабільнай сувязі стандарту GSM.

Life, акрамя таго, што карыстаецца абсталяваньнем ад Ericsson'а, мае і іншую сувязь са Швэцыяй – 80% акцый у ёй належыць турэцкай кампаніі Turkcell, у якой галоўным акцыянэрам зьяўляецца швэдзка-фінская кампанія TeliaSonera.

Тэхналёгіі, якія дазваляюць падслухоўваць сваіх кліентаў і сачыць за іхнай карэспандэнцыяй, знаходзяцца у сетках большасьці тэлекамунікацыйных кампаній і пастаўнікоў інтэрнэтных паслугаў на сьвеце. Але ў дэмакратычных дзяржавах, піша Росэн, яны выкарыстоўваюцца паліцыяй для выкрываньня рабаўнікоў, забойцаў і гандляроў наркотыкамі. У Беларусі іх выкарыстоўваюць супраць крытыкаў і апанэнтаў рэжыму.

Ericsson лічыць, што канцэрн нічога не парушае, прадаючы такое абсталяваньне Беларусі.

"Магчымасьці законнага перахопу інфармацыі мае ўсё абсталяваньне, якое мы прадаём, і гэта адпавядае ўсім рэкамэндацыям, уведзеным у гэтай галіне ААН і Эўразьвязам," – напісала швэдзкаму журналісту прэсавае бюро Ericsson'а.

Ericsson таксама лічыць, што яго прысутнасьць у Беларусі мае станоўчыя вынікі:

"Разам з нашымі партнэрамі мы працуем над паляпшэньнем жыцьця жыхароў Беларусі, даючы доступ да тэлекамунікацый і да новых відаў паслугаў, каб разьвіцьцём тэлекамунікацыйных паслугаў унесьці станоўчы ўклад у эканоміку і грамадзтва," – паведаміла прэсавае бюро Ericsson'а.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG