Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя салідарнасьці з затрыманымі працягваецца ў новым фармаце


Актывісты кампаніі «Салідарнасьць» зьмянілі фармат падтрымкі зьняволеных удзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня. Сёньня яны перадавалі ў турму на вуліцы Акрэсьціна ў Менску пасылкі зь цёплым адзеньнем, прадуктамі і побытавымі рэчамі.

Напачатку сёмай вечара ад Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў сыходзілі апошнія сваякі затрыманых. Цягам дня разам з праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый яны стаялі ў чарзе, каб перадаць зьняволеным сваякам неабходныя рэчы. Аднак гэта ўдалося ня ўсім: многія яшчэ ня ведаюць, дзе знаходзяцца іх сваякі, а ў некаторых браць пасылкі адмовіліся. Вольга Пяршай мужа знайшла, але ўсё роўна сыходзіла ад сьценаў турмы заплаканай:

«Казалі, што будуць прымаць, пасьля абяцалі, што калі ўсе разыдуцца. Каб яны адразу што сказалі — як жа так можна? Ці ж можна так зь людзьмі, ці ж можна так хлусіць?!»



Тым часам актывісты кампаніі «Салідарнасьць» пачалі перадаваць пасылкі зьняволеным і найперш тым, да якіх не пасьпелі даехаць сваякі з рэгіёнаў. Гэткім чынам яны зьмянілі фармат падтрымкі, замяніўшы вечаровыя акцыі салідарнасьці на практычную дапамогу. Вось як гэта камэнтуе адзін з ініцыятараў «Салідарнасьці» Віктар Івашкевіч:

Пры абмежаваных людзкіх рэсурсах больш мэтазгодна не праводзіць малаколькасныя акцыі, а арганізаваць практычную дапамогу вязьням.
«Шэрагу палітыкаў пагражае зьняволеньне: ёсьць інфармацыя, што іх шукаюць. Таму прыходзіць самім на Акрэсьціна, каб іх там і знайшлі — немэтазгодна. Яны павінныя замяніць тых, хто сёньня зьняволены. У першую чаргу трэба накіраваць сілы на матэрыяльную дапамогу ўсім: хто на адміністрацыйных сутках, і хто зьняволены паводле крымінальнай справы. Адным неабходныя перадачы, іншым — сродкі на адвакатаў альбо кампэнсацыю іх паслугаў. Таксама ў офісе сайту „Хартыі“ арыштаваныя ўсе журналісты, і неабходна аднавіць працу сайта. Таму пры абмежаваных людзкіх рэсурсах больш мэтазгодна не праводзіць малаколькасныя акцыі, а арганізаваць практычную дапамогу вязьням».

Як паведамляюць актывісты кампаніі салідарнасьці, другім этапам акцыі дэмакратычных сіл стане збор грошай у дапамогу зьняволеным удзельнікам «Плошчы-2010».

1-ы завулак Акрэсьціна, 36

Сваякам і сябрам затрыманых даводзіцца стаяць па некалькі гадзін у чарзе.
«Наступны!»



Некаторыя дагэтуль ня ведаюць, дзе знаходзяцца іх блізкія.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG