Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Захад мусіць не прызнаваць пагадненьні, якія падпіша нелегітымны кіраўнік краіны»


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Як эўрапейскія структуры вымушаныя будуць мяняць сваё стаўленьне да афіцыйнага Менску пасьля таго, што адбылося 19-20 сьнежня? Ці працягнецца стратэгія дыялёгу зь беларускімі ўладамі ці зноў будзе адноўлена палітыка санкцыяў? Ці стануць затрыманыя кандыдаты ў прэзыдэнты чыньнікам таемнай дыпляматыі, ці будуць эўрапейскія палітыкі патрабаваць іхняга вызваленьня ў абмен на нешта? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Да падзеяў 19-20 сьнежня выбары ў Беларусі ішлі даволі лібэральна, і гэта давала падставы эўрапейскім структурам ужо падрыхтаваць пэўныя паперы з магчымымі ацэнкамі і пэўную палітыку ў адносінах да Беларусі. Ці не здаецца, што поўнае маўчаньне, якое зараз дэманструе Брусэль, кажа пра тое, што эўрапейскім структурам даводзіцца перапісваць падрыхтаваныя дакумэнты і моцна задумацца?

Лагвінец: Па-першае, я б не сказаў, што ад Брусэлю ёсьць поўнае маўчаньне. Былі заявы, якія асуджаюць дзеяньні беларускіх уладаў, усе прынялі да ведама справаздачу АБСЭ. Трэба ўлічваць, што цяпер перадкалядны пэрыяд, і Рада Эўразьвязу будзе разглядаць пытаньне ўжо ў студзені.

Вядома, зараз пляны карэктуюцца, бо да 19 сьнежня была пэўная эўфарыя. Але Лукашэнка паказаў зноў сваё сапраўднае аблічча, да таго ж падкрэсьліў, што рашэньні 19 сьнежня прымаліся асабіста ім.

Цыганкоў: Ад 2008 году Эўразьвяз перайшоў ад палітыкі санкцыяў да палітыкі супрацоўніцтва. Ці дастаткова падзеяў 19 сьнежня, каб зноў думаць пра стратэгічную зьмену? Што мусіць рабіць Эўразьвяз — зноў пераходзіць да палітыкі санкцыяў?

Лагвінец: Паважаныя колы Захаду хочуць бачыць Беларусь незалежнай і дэмакратычнай краінай. Яны шукаюць розныя сродкі, каб гэта дасягнуць, але гэтая сродкі пакуль абмежаваныя. Мы павінны данесьці нашым заходнім партнэрам, што стратэгічны інтарэс Захаду — гэта незалежная і дэмакратычная Беларусь. Дзеля гэтай мэты Захад мусіць больш цікавіцца Беларусьсю, уцягваць максымальную частку беларускага грамадзтва да ўзаемадзеяньня з Эўразьвязам.
Мне здаецца, ужо прапісаны канкрэтны плян, як Лукашэнка будзе здаваць сувэрэнітэт.

У той жа час недапушчальна, каб сёньняшні рэжым чыніў зьдзекі з уласных грамадзянаў. Разумным крокам было б паніжэньне ўзроўню кантактаў. Я мяркую, што пэўныя асабістыя санкцыі могуць вярнуцца.

Але ёсьць і іншы аспэкт. Выглядае на тое, што Лукашэнка падчас выбараў атрымаў карт-блянш ад Масквы. Зь іншага боку, Крэмль указвае Лукашэнку на ягонае месца. Адсутнасьць афіцыйнага віншаваньня з боку Мядзьведзева паказвае, што Масква ня хоча ставіцца да Лукашэнкі, як да роўнага партнэра, паказвае яму на ягонае месца. І мне здаецца, ужо прапісаны канкрэтны плян, як Лукашэнка будзе здаваць сувэрэнітэт.

І тут пазыцыі Захаду вельмі важныя. Важна будзе не прызнаваць тыя пагадненьні, якія можа падпісаць нелегітымны кіраўнік краіны. Важна надалей рабіць усё, каб у Беларусі ўзмацнілася тая частка грамадзтва, якая выступае за незалежнасьць і дэмакратыю і падзяляе эўрапейскія каштоўнасьці.

Цыганкоў: Былыя кандыдаты ў прэзыдэнты цяпер за кратамі. На вашую думку, ці стануць яны нейкім чыньнікам таемнай дыпляматыі паміж Менскам і Захадам, то бок, іх вызваленьне — у абмен на нешта?

Лагвінец: Вяртаньне да нармальнага стану стасункаў можа адбыцца толькі ў выпадку, калі кандыдаты ў прэзыдэнты і мірныя дэманстранты будуць вызваленыя. І калі адбудзецца аб’ектыўнае дасьледаваньне той правакацыі, што адбылася 19 сьнежня.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG