Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз гатовы працягваць дачыненьні з афіцыйным Менскам


Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў камісар Эўразьвязу па пашырэньні Штэфан Фюле. Назваўшы затрыманьні ўдзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў "непрымальнымі", эўракамісар дадаў, што Брусэль лічыць неабходным працягваць залучэньне Беларусі ў агульнаэўрапейскія працэсы.

"Адначасова, я мяркую, што важна ведаць, што нам патрэбнае залучэньне для беларускага народу, дзеля грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Нам патрэбна ўсталяваць рамкі нашых адносінаў".

Раней гатовасьць Эўропы падтрымаць новыя ініцыятывы беларускага кіраўніцтва заявіў генэральны сакратар рады Эўропы Торб'ёрн Ягланд. У аўторак ён выступіў з асуджэньнем выбарчых парушэньняў і разгону дэманстрантаў у Беларусі.

"Прэзыдэнт Лукашэнка павінен прыняць тое, што выбары – гэта нагода для людзей абраць сваіх лідэраў, а не наадварот. Недахопы на нядзельных прэзыдэнцкіх выбарах, абвешчаная АБСЭ і разгон пратэстоўцаў, якому мы былі сьведкамі пасьля гэтага – вартая шкадаваньня прыкмета таго, што чарговая магчымасьць для Беларусі закончыць самаізаляцыю ў Эўропе можа быць страчана"

Пры гэтым ён, аднак, дадаў, што Рада Эўропы гатовая падтрымаць новыя крокі беларускага кіраўніцтва ў справе правоў чалавека.

"У радзе Эўропы мы расчараваныя, але не разахвочаныя, і мы працягнем падтрымліваць любую шчырую ініцыятыву, якая магла б прывесьці Беларусь бліжэй да каштоўнасьцяў Рады Эўропы і членства ў Радзе Эўропы", – зазначыў Торб'ёрн.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG