Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па крымінальнай справе, заведзенай пасьля падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, затрыманыя прынамсі 18 чалавек, у тым ліку 5 кандыдатаў на прэзыдэнта. Усе яны знаходзяцца ў ізалятары КДБ, сьледчыя дапытваюць іх, але нікому абвінавачваньня яшчэ ня выставілі. Два затрыманыя, Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька, абвясьцілі галадоўку пратэсту.

Цэлы дзень у сераду адвакаты Ўладзімера Някляева Тамара Сідарэнка і Ўладзімер Букштынаў чакалі ў КДБ першай сустрэчы са сваім падабаронным. Для такіх сустрэч у будынку адведзеныя два пакоі, але яны былі цэлы дзень занятыя, хоць нікога зь іх не выводзілі і не заводзілі, паведаміла спадарыня Сідарэнка:

«Нічога не магу вам сказаць, сядзім пад кабінэтам. Заяўлена, што сёньня ня трапім. Хтосьці там працуе. А хто можа працаваць, калі мы першыя ў чарзе? Я сама перажываю, але Някляева я ня бачу, і, відаць, паводле заявы дзяжурнага, ня ўбачу».

Тамара Сідарэнка напісала скаргу на такія паводзіны адміністрацыі ізалятара КДБ. Паводле яе словаў, Някляеву сёньня перадалі цёплыя рэчы.

Яна таксама кажа, што ніякіх сьледчых дзеяньняў зь Някляевым безь яе ўдзелу праводзіць не павінны.

Тым часам у іншых затрыманых прайшлі першыя допыты. Адвакат Віталя Рымашэўскага Алег Працэнка паведаміў, што ўчора на першым допыце ягоны падабаронны вінаватым сябе не прызнаў:

«Зыходзячы зь яго паказаньняў, вінаватым сябе ён ня лічыць. На сёньняшні дзень ён гатовы адстойваць сваю пазыцыю на папярэднім расьсьледаваньні і ў далейшым. Натуральна, я буду яму дапамагаць у гэтым як адвакат».

Наступны допыт Рымашэўскага чакаецца не раней чым на будучым тыдні, паведаміў ягоны адвакат Алег Працэнка.

А Мікалай Статкевіч ад дачы паказаньняў адмовіўся і абвясьціў галадоўку пратэсту з моманту затрыманьня. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў паплечнік кандыдата на прэзыдэнта Сяргей Марцалеў са спасылкай на адваката.

«Мікалай знаходзіцца ў СІЗА КДБ, ён адмовіўся прымаць ежу з моманту затрыманьня. Аднак ён не хацеў пра гэта паведамляць у СМІ, каб гэта не выглядала як дэклярацыя. Менавіта гэта пераконвае нас у сур’ёзнасьці ягоных намераў. Ведаючы ягоны характар, мы ўсур’ёз выказваем занепакоенасьць ягоным жыцьцём і здароўем».

Галадоўку пратэсту ў СІЗА КДБ таксама абвясьціў затрыманы па гэтай справе лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Гэтую інфармацыю паведаміла ягоная жонка Сьвятлана.

Нікому з затрыманых па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня абвінавачаньне ня выстаўленае, таму ў сьледчым ізалятары КДБ для іх не прымаюць перадач.

Пра гэта паведаміў Уладзімер Халіп, бацька адной з затрыманых, журналісткі Ірыны Халіп:
Яна знаходзіцца столькі дзён бяз сродкаў асабістай гігіены. Гэта ўжо мне ўвогуле падаецца формай вычварэнскага катаваньня.

«Не, не прынялі, катэгарычна. Сказалі, што яна знаходзіцца ў статусе затрыманай, а перадачы можна перадаваць толькі тым, хто знаходзіцца ў статусе арыштаваных. Таму нават зубную шчотку адмовіліся перадаць. Яна знаходзіцца столькі дзён бяз сродкаў асабістай гігіены. Гэта ўжо мне ўвогуле падаецца формай вычварэнскага катаваньня».

Паводле адваката Ірыны Ўладзімера Тоўсьціка, на допыце яна трымаецца годна, адказвае на пытаньні, на якія лічыць неабходным адказваць.

Інтарэсы мужа Ірыны Халіп кандыдата Андрэя Саньнікава абараняе адвакат Павал Сапелка, ён бачыўся са сваім кліентам яшчэ 20 сьнежня.

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Саньнікаў моцна зьбіты і «ўяўляе зь сябе жудаснае відовішча», заявіў адвакат палітыка Павал Сапёлка.

Сапелка сустракаўся са сваім падабаронным вечарам 20 сьнежня. Саньнікаў зьбіты і «практычна ня можа перасоўвацца», адзначыў адвакат.

«Нага ў яго не зламаная, а моцна ўдараная, але адчуваньне такое, як быццам зламаная. Ён ледзьве рухаецца».

Міністар унутраных справаў Анатоль Куляшоў сёньня сказаў журналістам, што затрыманыя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў «абсалютна здаровыя, абсалютна нармальна, камфортна сябе адчуваюць»,

Усім 18 фігурантам крымінальнай справы аб падзеях у Менску 19 сьнежня пагражае да 15 гадоў турмы.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», падазраюцца паводле крымінальнай справы па артыкуле 293, частках 1 і 2, Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Масавыя беспарадкі» наступныя асобы:

1. Някляеў Уладзімер — кандыдат у прэзыдэнты

2. Саньнікаў Андрэй — кандыдат у прэзыдэнты

3. Кастусёў Рыгор — кандыдат у прэзыдэнты

4. Атрошчанкаў Аляксандар — прэс-сакратар перадвыбарнага штабу Саньнікава

5. Міхалевіч Аляксей — кандыдат у прэзыдэнты

6. Рымашэўскі Віталь — кандыдат у прэзыдэнты

7. Севярынец Павал — давераная асоба кандыдата Рымашэўскага

8. Бандарэнка Зьміцер — каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь»

9. Халіп Ірына — журналістка, жонка Андрэя Саньнікава

10. Радзіна Натальля — журналістка, рэдактар інтэрнэт-сайту charter97.org

11. Лябедзька Анатоль — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі

12. Палажанка Анастасія — намесьнік старшыні «Маладога Фронту»

13. Дзьмітрыеў Андрэй — кіраўнік перадвыбарнага штабу Някляева

14. Фядута Аляксандар — палітоляг, адзін з каардынатараў перадвыбарчага штабу Някляева

15. Статкевіч Мікалай — кандыдат у прэзыдэнты

16. Класкоўскі Аляксандар — былы супрацоўнік міліцыі

17. Кобец Уладзімер — кіраўнік перадвыбарчага штабу Саньнікава

18. Вус Дзьмітры — кандыдат у прэзыдэнты

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG