Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад такім загалоўкам (у арыгінале "Belarus: That's Enough Democracy") рэдакцыя брытанскай газэты Guardian дае сваю ацэнку заканчэньню прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Вось пераклад гэтага артыкулу:

"У Аляксандра Лукашэнкі быў выдатны плян па свайму пераабраньню. Ён вырашыў выставіць сваю краіну – Беларусь – на аўкцыён. Міністар замежных справаў Польшчы Радэк Сікорскі заявіў, што Беларусь зможа атрымаць ад Эўразьвязу 3,5 мільярда даляраў у выглядзе крэдытаў, калі выбары будуць сумленнымі і справядлівымі. Прэзыдэнт яму падыграў, даючы кандыдатам ад апазыцыі эфірны час на тэлебачаньні і устаўляючы ў свой выступ некалькі абнадзейлівых фраз аб законнасьці і прыватнай уласнасьці.

За тыдзень да выбараў сваю стаўку зрабіла Расея. Масква зьнізіла пошліны на экспарт нафты і захавала для Беларусі нізкія цэны на газ. У дзень выбараў у краіне быў адключаны доступ да Facebook, Twitter, LiveJournal і Gmail. Калі 10 000 чалавек выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць фальсыфікацый, Лукашэнка, празваны апошнім дыктатарам Эўропы, вярнуўся да звычайных для яго мэтадаў.

У ход пайшлі правакацыі і міліцэйскія дубінкі. Кандыдата ў прэзыдэнты, зьбітага міліцыяй да страты прытомнасьці, выцягнулі са шпітальнага ложка. Шэсьць зь дзевяці кандыдатаў былі ўзятыя пад арышт. Да канца дня былі схопленыя больш за 600 актывістаў апазыцыі. Лукашэнка сваім характэрным пранізьлівым голасам абвясьціў, што ён прадухіліў пераварот, і што ў краіне больш ня будзе «бязглуздай дэмакратыі». Назіральнікі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе заявілі, што на выбарах было шмат парушэньняў, затое расійскія назіральнікі, наадварот, сказалі, што ўсё было ў парадку. Дзьмітрый Мядзьведзеў, божая кароўка ў прэзыдэнцкім крэсьле, назваў выбары ў Беларусі яе ўнутранай справай.

Аднак гісторыя на гэтым не сканчаецца. Лукашэнка можа сам сябе прызначыць прэзыдэнтам, але яго папулізм цярпіць крах. Перад выбарамі ён нарабіў даўгоў і цяпер яго кароткатэрміновыя абавязаньні складаюць 11 мільярдаў даляраў пры штораз меншых валютных рэзэрвах. Прычым Расея-матухна яўна ня схільная праяўляць да блуднага сына ранейшую шчодрасьць. Яе лідэры наўрад ці лёгка забудуцца пра апошнюю сварку з Лукашэнкам, падчас якой расейскае дзяржаўнае тэлебачаньне выпусьціла шматсэрыйны дакумэнтальны фільм «Хросны бацька» («Бацькам» завуць Лукашэнку), на што беларускае тэлебачаньне адказала лісьлівым інтэрвію зь ненавісным Расеі прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі.

Лукашэнку можна купіць, але яму нельга верыць. Расея ня хоча фінансаваць дэфіцыт беларускага бюджэту, які дасягнуў ужо 14% ад ВУП. Разрыў паміж даходамі беларусаў і іх суседзяў у Польшчы працягвае расьці, і з кожным здушаным пратэстам перад Лукашэнкам усё ясьней маячыць вобраз славутага самалёта, які чакае на ўзьлётнай паласе. Былы дырэктар калгасу хоча, каб яго лічылі бацькам нацыі, аднак яго дыктатура толькі прымушае беларусаў аб'ядноўвацца супраць яго. У краіне, сярэдняя месячная зарплата ў якой складае 300 фунтаў, няшмат што можа ўтрымаць нязносны рэжым Лукашэнкі ад падзеньня."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG