Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Някляева: "Я сабрала ўсе свае сілы дзеля адной мэты — шукаць"


Былыя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Алесь Міхалевіч знаходзяцца ў сьледчым ізалятары Камітэту дзяржбясьпекі. Іх затрымалі ўвечары 19 сьнежня, аднак сваякі даведаліся пра месцазнаходжаньне сваіх родных увечары 20 сьнежня з выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Уладзімера Някляева невядомыя забралі з рэанімацыі шпіталя хуткай дапамогі, і цягам сутак пра яго нічога не было вядома, кажа жонка Вольга:

"Было жахліва, бо Ўладзімера Пракопавіча забралі людзі, якія не прадставіліся, у цывільным. Куды павезьлі, я ня ведала — жах. Па-першае, я выклікала нарад міліцыі ў шпіталь, мы склалі пратакол. Я ноч ня спала — тэлефанавала і пыталася: які адказ па маёй заяве? Мне адказвалі, што вядуцца сьледчыя дзеяньні. Я з палёгкай уздыхнула толькі тады, калі Лукашэнка сказаў, што ён у ізалятары. Дагэтуль у мяне думкі былі самыя розныя — нават самыя жахлівыя. Я не магла нічога адчуваць, у мяне была адна мэта — шукаць, тэлефанаваць, зьвяртацца. Я сабрала ўсю сваю моц, каб працаваць на адну мэту, і будзем надалей рабіць усе намаганьні.

Зараз для мяне галоўнае — праца з адвакатамі. Зараз адвакат складае заяву на сустрэчу з Уладзімерам Пракопавічам. Было б добра, каб яна найхутчэй зь ім сустрэлася і хоць што-небудзь яму перадала. Мне ў КДБ адказваюць, што яго там няма. А адкуль я ведаю — ад адваката. То кажуць: праз адваката і перадавайце. І хаця б адвакат таксама пабачыла яго сама, бо мне кажуць, што зь ім усё ў парадку, але ж я гэтага ня бачу".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG