Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карэспандэнты «Свабоды» ў рэгіёнах распытвалі сёньня мінакоў на вуліцах пра стаўленьне да прэзыдэнцкіх выбараў і наступных грамадзкіх пратэстаў у Менску, якія закончыліся гвалтам і масавымі арыштамі.

ГОРАДНЯ


Як вы ставіцеся да гвалтоўнага разгону акцыі апазыцыі 19 сьнежня? Як ацэньваеце ўчорашнія заявы Лукашэнкі? Ваша стаўленьне да афіцыйна абвешчаных вынікаў выбараў — ці давяраеце ім?

Першы спадар: «А я лічу: што гэта за дэмакратыя, калі чалавеку нельга выйсьці? Не, я не давяраю гэтым лічбам, гэта было выдумана адразу. Не, так ня робяць людзі сапраўдныя. Альбо бачыце — як ён па тэлевізары — „ля-ля-ля“, і адразу відно, дзе ён лукавіць. Глупствы, а кажа, што ён усё добра робіць, разумееце? Гэтая лічба выбараў у яго была заплянаваная. І так хутка падлічылі, і шыбы не перашкодзілі». (Сьмяецца.)

Другі спадар: «Можа, Лукашэнка і няправільна сказаў. Але тое, што там рабілі, — таксама няправільна: білі там шыбы, навошта было рабіць гэта? Але я ў Менску ня быў, то не магу сказаць. Я не давяраю, што Лукашэнка восемдзесят адсоткаў набраў. Ня верыцца, таму што ўсе мае сябры галасавалі супраць».

Трэці спадар: «Гэта правільна, што людзі выйшлі, але каб яны больш спакойна прайшлі. „Мала не падасца“, — папярэдзіў Лукашэнка, і лічу, што гэта была пагроза. Ён сваім часам заявіў, што ніхто ня прыйдзе на плошчу, але людзі прыйшлі, не пабаяліся. Але трэба было спакойна прайсьці: „Дыктатура ня пройдзе!“, „Свабода і дэмакратыя!“… А паклалі тварам журналіста „Народнай волі“, нават галаву не давалі павярнуць, але ён сказаў — у тым мікрааўтобусе нічога не было! А сказалі, быццам выбухоўка… Хаця гэта чацьвёртыя выбары яго, але я за Лукашэнку не галасаваў».

Маладая спадарыня: «Гэта непрыгожа і не зусім дэмакратычна. Хаця ў нас свая палітыка, свой шлях (сьмяецца), нельга пад усё ўсясьветнае нас падганяць. Штосьці, вядома, перагнулі, кагосьці, вядома, прыдушылі».

Яе муж: «Не, не герой ён. Я ня веру ў восемдзесят адсоткаў. Хай было нават больш за пяцьдзясят, але ня восемдзесят».

Пэнсіянэрка: «А я кажу, што гэта няпраўда… Зноў выйграў сабе, але не элегантныя выбары, а — крывавыя. Колькі я ведаю ў Горадні, усе маладыя галасавалі супраць яго, і многія пэнсіянэры былі супраць. Восемдзесят адсоткаў — адкуль?! За Саньнікава ўсе галасавалі».

БЕРАСЬЦЕ


Як вы ставіцеся да гвалтоўнага разгону акцыі апазыцыі 19 сьнежня? Як ацэньваеце ўчорашнія заявы Лукашэнкі? Ваша стаўленьне да афіцыйна абвешчаных вынікаў выбараў — ці давяраеце ім? На гэтыя пытаньні «Свабоды» адказваюць жыхары Берасьця.

Спадарыня: «Лукашэнка таксама меў досьвед плошчы. 2006 год напалохаў кіраўніцтва краіны. Сёлета Плошча відавочна была мацнейшая і больш сьвядомая. Нават калі прымаюць удзел у выбарах пяць кандыдатаў, то абавязкова павінен быць другі тур. А ў нас было дзесяць прэтэндэнтаў. Я ніколі не паверу ў лічбы ЦВК. Яны нават напалову не адлюстроўваюць рэальную карціну».

Першы спадар: «Я нават і блізка не давяраю вынікам гэтых выбараў. Вось на маім участку стаяла скрыня. Але, ведаеце, там у скрыні сапраўдная дзіра, празь якую можна прасунуць сапраўдны стос у пяць сантымэтраў».

Другі спадар: «Ён пастаянна хлусіць. Ад гэтай хлусьні Лукашэнкі і Ярмошынай, якую лічу ўзорам антыжанчыны, проста аж брыдка. Акрамя гэтага, мяне ўразіла рэакцыя залі. Удзельнікі падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Палацы Рэспублікі апладзіравалі кіраўніку краіны. Прычым пляскалі ў далоні на хамскія словы, выступы, закіды. А гэта маральны ўзровень кіраўніцтва краіны, сілавых структураў, дзяржаўных чыноўнікаў».

МАГІЛЁЎ


Як вы ставіцеся да гвалтоўнага разгону акцыі апазыцыі 19 сьнежня? Як ацэньваеце ўчорашнія заявы Лукашэнкі? Ваша стаўленьне да афіцыйна абвешчаных вынікаў выбараў — ці давяраеце ім?

Юнак: «Гэта занадта жорстка, мне падаецца, было. Можа, гэта ўсё было справакавана».

Спадарыня: «Я ня ведаю. Шчыра кажучы — гэта палітыка. А што да палітыкі, дык адказваць я больш ня буду».

Карэспандэнт: «Як вы ацэньваеце ўчорашнія заявы Лукашэнкі?»

Двое маладых спадароў: «Гэта крыху неадэкватнае разуменьне сутнасьці таго, што можна рабіць. Гэта ж яго прыватная суб’ектыўная думка, але ён урэшце ўсё гэта будзе вырашаць».

Другі малады спадар: «Альбо вернецца 37-ы год»

Малады спадар: «Усё магчыма».

Карэспандэнт: «Як вы ставіцеся да афіцыйна агучаных вынікаў выбараў — ці давяраеце ім?»

Спадар: «Не, не давяраю. Чаму, патлумачыць не магу, але наглядна сытуацыя паказвае, што так быць ня можа».

Спадар: «Цяжка адказаць, але ў любым выпадку я быў упэўнены, што выберуць менавіта Лукашэнку. Хаця я за яго не галасаваў. Мая мама галасавала. Пэнсіянэры галасавалі, аднак бальшыня маіх сяброў не хацелі за яго галасаваць».

Спадар: «Гэта няпраўда. Усё было куплена. На сто працэнтаў я ўпэўнены ў гэтым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG