Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СІЗА КДБ, так званай «амэрыканцы», знаходзяцца былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч і Алесь Міхалевіч.

Пасьля акцыі туды ж былі дастаўленыя таксама Рыгор Кастусёў і Дзьмітры Ус. Аднак учора іх выпусьцілі. Яраслаў Раманчук і Віктар Цярэшчанка наагул не былі арыштаваныя.

Сёньня экс-кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў на пытаньне, каго ён бачыў падчас свайго знаходжаньня ў СІЗА КДБ, адказаў:

«Калі мяне разьмясьцілі ў камэру каля 6-й гадзіны раніцы, то сукамэрнікі расказалі мне, што турма працавала ўсю ноч. Крыху пазьней, калі мяне вялі па лесьвіцах, па калідорах у кайданках, рукі за сьпіною, я сутыкнуўся зь Дзьмітрыевым (кіраўніком штабу Ўладзімера Някляева) і яшчэ двума маладымі людзьмі. Іх асабіста я ня ведаю. Нас адразу паспрабавалі разьвесьці. Мяне павярнулі да сьцяны. Супрацоўнікі КДБ нешта перагаварылі паміж сабой і павялі мяне іншым кірункам.

Чаму мяне затрымалі? Адназначнага адказу тут няма. Але думаю, каб запалохаць беларускае грамадзтва. І каб нейкім чынам прыпыніць акцыі пратэсту, якія разгарнуліся. Менавіта, каб запалохаць. Іншых варыянтаў у нашых уладаў няма. І я думаю, што па-іншаму яны і ня могуць працаваць».

У СІЗА КДБ таксама знаходзяцца жонка Андрэя Саньнікава журналістка Ірына Халіп, давераная асоба Някляева Аляксандар Фядута, кіраўнік штабу Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец, рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна.

У КДБ сытуацыю з затрыманымі не камэнтуюць.

Міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў паведаміў пра завядзеньне ў дачыненьні арганізатараў несанкцыянаванай акцыі справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Яе максымальная санкцыя — 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG