Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Вядомая амэрыканская публіцыстка Эн Эплбаўм у сёньняшнім выданьні Washington Post камэнтуе апошнія падзеі ў Беларусі.

У нядзелю народ Беларусі галасаваў на прэзыдэнцкіх выбарах. У нядзелю ўвечары, міліцыя Беларусі абвясьціла свой прысуд. Да поўначы дзясяткі тысяч людзей былі прагнаныя з галоўнай плошчы ў цэнтры Менску, сотні былі арыштаваныя, сотні жорстка зьбітыя. Маладыя людзі разыходзіліся з дэманстрацыі з зламанымі рукамі і разьбітымі галовамі. Сямёра зь дзевяці кандыдатаў у прэзыдэнты зьняволеныя. Адзін зь іх, Уладзімер Някляеў, быў зьбіты да непрытомнасьці і гвалтам вынесены з шпіталя, загарнуты ў коўдры. У той момант, калі я гэта пішу, ягонае месцазнаходжаньне надалей застаецца невядомае.

Міліцыя арыштоўвала і журналістаў, урывалася ў офісы і зрывала іх працу. Пасьля яны арыштоўвалі яшчэ мастакоў і актораў у іх дома. У дадатак да ўсяго гэтага кібэрміліцыя зачыняла сайты і сацыяльныя сеткі – Twiter, Facebook і іх беларускія адпаведнікі – і блякавала доступ да замежных сайтаў, якія паведамлялі пра падзеі ў Менску. Пераняўшы тактыку сваіх калегаў з Малдовы, беларускія спэцслужбы – якія ўсё яшчэ носяць страшнаватую назву КДБ – відавочна падаслалі сваіх галаварэзаў, каб яны зьмяшаліся з натоўпам дэманстрантаў, білі вокны ў будынку парлямэнту і кідалі камяні, каб дапамагчы апраўдаць жорсткі разгон.

У цэлым, гэта была неверагодная праява слабасьці рэжыму: сапраўды, гвалт, які выбухнуў пасьля чацьвёртай «перамогі» Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкі выбарах, можа быць вытлумачаны толькі як знак паразы беларускага дыктатара. Пасьля закрыцьця выбарчых участкаў Лукашэнка заявіў, што атрымаў амаль 80 працэнтаў галасоў. Аднак палітыкі з такім узроўнем папулярнасьці ня маюць ніякай патрэбы зьбіваць, арыштоўваць і запалохваць сваіх апанэнтаў, засылаць правакатараў сярод дэманстрантаў або блякаваць вэб-сайты.

І сапраўды, мяркуецца, што сапраўдная падтрымка Лукашэнкі ўсё ж ніжэйшая за 80 працэнтаў. Белсат – тэлеканал, які перадае з Польшчы на суседнюю Беларусь – лічыць, што рэальная падтрымка Лукашэнкі складае каля 30 працэнтаў, абапіраючыся на вынікі апытаньняў, праводжаных на працягу апошніх месяцаў. Іншыя староньнія назіральнікі называюць лічбу 38 працэнтаў, і гэта тлумачыць чаму зьяўляецца столькі паведамленьняў пра выбарчыя фальсыфікацыі, чаму назіральнікам не дазвалялі назіраць за падлікам, чаму дзяржаўныя СМІ засяродзілі 90 працэнтаў сваёй увагі на Лукашэнку і чаму Радыё Свабода пачало паведамляць аб парушэньнях ужо ад раніцы дня выбараў. Гэта таксама тлумачыць, чаму поўныя аўтобусы амонаўцаў былі высланыя чакаць дэманстрантаў у цэнтар Менску яшчэ да таго, як яны туды прыйшлі.

У такіх абставінах «перамога» Лукашэнкі таксама азначае, што – пасьля доўгіх заляцаньняў да лібэральнага Захаду і аўтарытарнага Ўсходу – беларускі дыктатар зрабіў свой выбар. У мінулым месяцы міністры замежных справаў Нямеччыны і Польшчы (так, другі зь іх – мой муж) прыехалі ў Менск з прапановай: узамен за свабодныя выбары Эўразьвяз запрапанаваў важны пакет дапамогі, больш адкрытыя межы і патэнцыял для паглыбленьня эканамічных і палітычных адносінаў. Аднак ад таго часу Лукашэнка падправіў свае наравістыя дачыненьні з Крамлём і падпісаў з Масквой пагадненьне па нафце, забясьпечыўшы для сваёй краіны, прынамсі часткова, захаваньне старой эканамічнай мадэлі. Амаль усё мінулае дзесяцігодзьдзе Беларусь імпартавала з Расеі танную нафту і вывозіла ў іншыя краіны значна даражэйшую нафту і нафтапрадукты, падтрымліваючы такім чынам раўнавагу бюджэту і заможнасьць палітыкаў. Цяпер зьдзелка менш выгодная, але гэта ўсё роўна лепш, чым тое, што Беларусь магла б атрымаць на адкрытым рынку.

Пакуль гэта ўсё. Будуць прынятыя заявы, могуць быць абвешчаныя санкцыі. Лукашэнку, магчыма, будзе цяжка атрымаць візу ў Бэрлін або Лёндан. Але насамрэч у Захада амаль няма пернікаў, якія ён можа запрапанаваць непапулярным дыктатарам – нават непапулярным дыктатарам, чые краіны мяжуюць з Эўропай – апрача свабоднага гандлю і доўгатэрміновай магчымасьці інтэграцыі і эканамічнага росту. Эўрапейскія міністры замежных справаў ня могуць гарантаваць Лукашэнку асабістага багацьця. Яны ня могуць запрапанаваць нячыстыя зьдзелкі па нафце. Яны могуць гаварыць пра «свабоду» – і яны гэта рабілі – але ім даводзіцца супернічаць з тымі, хто гаворыць пра «кітайскую мадэль», хто прапануе больш прадказальныя формы гарантыяў занятасьці і каго ня надта хвалюе пара затрыманьняў. У панядзелак раніцай, пасьля міліцэйскай аблавы на апазыцыю, расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў абвясьціў выбары «ўнутранай справай» Беларусі.

Вось жа, гэтак выглядае «заняпад Захаду» ва ўсходняй частцы Эўропы: Злучаныя Штаты і Эўропа, у якіх канчаюцца грошы і ідэі, ледзь-ледзь падтрымліваюць беларускую апазыцыю. Расея, зноў перапоўненая нафтаграшмі, пагаджаецца падтрымаць Лукашэнку і фінансаваць ягоны рэжым. Будзем спадзявацца, што гэта будзе каштаваць ёй значна больш, чым яна спадзяецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG