Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да "Свабоды" з камэры на Акрэсьціна датэлефанаваліся ўдзельнікі Плошчы, яны распавядалі пра ўмовы, у якіх іх утрымліваюць. Акумулятар у тэлефоне ў іх ужо амаль сеў. Хлопцы з розных гарадоў Беларусі.

Старэйшы зь іх — Іван. Вось што ён распавёў "Свабодзе" пра ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна:

Іван: "Нас асудзілі каго на 12, а каго на 15 сутак, жанчын — на 10 сутак. Умовы тут жудасныя, зьдзекуюцца, як са скаціны. Трымаюць ужо больш за суткі на нагах, стоячы ў так званых "мяшках" — гэта такія камэры, разьлічаныя на два чалавекі, а нас тут чацьвёра. На суды вазілі ў аўтазаках, якія разьлічаныя чалавек на 10, а нас туды запіхвалі па 30 і болей, як селядцоў набівалі. Не зьвяртаюць увагі ні на якія просьбы: просіш вады папіць — не даюць. Спэцыяльна трымаюць нас для зьдзеку ў гэтых мяшках, не вядуць у камэры. Нас тут больш за 500 чалавек. Асудзілі нас за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Пераважна гэта маладыя людзі".

Вячаслаў — студэнт-завочнік, працуе ў Менску. Ён распавядае, што разам зь сябрамі знаходзіўся паміж помнікам Леніну і будынкам Дома ўраду, там іх узялі ў кола і практычна апошніх пакідалі ў аўтазак.

"Білі моцна, мне дагэтуль баляць ногі. Вельмі многіх людзей білі, побач у аднаго мужчыны павыбівалі ўсе зубы, ён потым апынуўся разам з намі ў аўтазаку. У многіх акрываўленыя галовы былі, вельмі многія атрымалі страсеньне, быў чалавек са зламанай рукой. Судзілі нас у Савецкім судзе, судзьдзя Палулех усім даваў стандартныя прысуды. У нас ужо сканчаецца зарад батарэйкі ў тэлефоне…".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG