Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня а 6 вечара каля турмы на вуліцы Акрэсьціна зьбяруцца людзі на знак салідарнасьці з тымі, хто трапіў за краты за ўдзел у пратэстах. У акцыі возьмуць удзел грамадзкія дзеячы, музыкі, пісьменьнікі. Тымчасам у пустых кватэрах затрыманых адбываюцца ператрусы.

Сёньня ў суды Менску мусяць прывезьці тых, каго затрымалі ўчора на плошчы Незалежнасьці а 6 вечара і дома, напярэдадні правядзеньня акцыі. Гэта Алесь Макаеў, Мікола Дземідзенка, Мікіта Красноў, Алесь Каліта і яшчэ больш за дзесяць чалавек.

Затрыманых за два дні столькі, што камэр у Менску на ўсіх не хапіла. Днём дзяўчат са сьледчага ізалятару ў мікрараёне Сьцяпянка адвезьлі ў турму ў Жодзіна. А пасьля 9 вечара яшчэ больш за сотню арыштаваных, прывезьлі ў Жодзінскую турму на трох аўтазаках.

Падчас разгону акцыі былі моцна зьбітыя людзі. Дасталася некалькім журналістам, у тым ліку расейскім. Затрыманага карэспандэнта піцерскай "Районной газеты" Астаф’ева калегі дагэтуль не знайшлі.
Я ж яму сказаў, што я журналіст. А ён адказаў: "Дык гэта зразумела!" – і ударыў мяне два разы дубінкай".

Расейскі журналіст Ягор Сазаеў-Гураў распавёў:

"Я журналіст маскоўскага выданьня "Life-news". Невядомыя людзі ў цывільным, нягледзячы на тое, што я ім паказаў сваё пасьведчаньне, мяне ўдарылі. Я папросту спытаў пра далейшыя дзеяньні. Чалавек, бачна, што афіцэр, бачыў, што я журналіст. Я ж яму сказаў, што я журналіст. А ён адказаў: "Дык гэта зразумела!" – і ударыў мяне два разы дубінкай".

Цягам дня сваякі затрыманых не маглі нідзе дабіцца адказу на пытаньне, дзе іх блізкія. Няма сьпісаў, людзей ў суды не пускаюць. Прычым не пускалі туды й прэсу. Сярод затрыманых ёсьць шмат вядомых асобаў: Анатоль Лябедзька, Сяргей Вазьняк, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп, Мікола Дземідзенка, Наста Палажанка, Зьміцер Хведарук ды дзясяткі іншых прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Але шмат і людзей, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту.

Сяброўка Насты Палажанкі Тацяна Шапуцька лічыць абвінавачаньне Насты ў арганізацыі беспарадкаў надуманым:

"Наста толькі зьвярнулася з кароткай прамовай да моладзі і сказала, што моладзь абірае дэмакратычны шлях разьвіцьця краіны. Яшчэ да пачатку акцыі былі заблякаваныя кватэры многіх актывістаў. Адзін зь лідэраў "Малалдога фонту" Мікола Дземідзенка прыйшоў дахаты і ўбачыў, што дома беспарадак, і рэчы ляжаць ня так, як былі складзеныя ім самім".
Мікола Дземідзенка прыйшоў дахаты і ўбачыў, што рэчы ляжаць ня так, як былі складзеныя ім самім

Ператрус у кватэры ў адсутнасьці гаспадара без выкананьня адпаведных працэдур, лічыцца грубым парушэньнем заканадаўства.

Гэта не адзіны выпадак цягам апошніх сутак. Маці Ірыны Халіп распавяла, што была разам з унукам і мужам у кватэры дачкі, калі пачула, як нехта ключом спрабуе адкрыць дзьверы. Калі яна спытала хто там, ёй адказалі, што гэта міліцыя і запатрабавалі адчыніць. Як толькі гэтыя людзі ўвайшлі ў кватэру, яны прайшліся па ўсіх пакоях. На пытаньне, адкуль у іх ключ ад кватэры, не адказалі.

Паводле інструкцыі, у затрыманых забіраюць з кішэняў усе рэчы, у тым ліку, ключы, грошы, квіткі – на захаваньне. Таму застаецца нявысьветленым пытаньне: як у міліцыянтаў аказаліся ключы ад чужой кватэры, і на якой падставе яны туды спрабавалі ўвайсьці без панятых і адпаведнага дазволу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG