Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна сказаць, што сваёй прэсавай канфэрэнцыяй Аляксандру Лукашэнку ўдалося згладзіць нэгатыўнае ўражаньне, што засталося ад хады правядзеньня выбараў і асабліва — ад падзеяў на Плошчы Незалежнасьці? Ці ёсьць нейкія падставы меркаваць, якую палітыку будзе праводзіць Лукашэнка пасьля свайго чарговага пераабраньня? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: Ці хацеў Лукашэнка пераканаць замежных журналістаў і назіральнікаў у сваім бачаньні вынікаў выбараў і падзеяў на Плошчы незалежнасьці? Ці яго ня вельмі цікавіла, што падумаюць за мяжой пра гэтыя падзеі?

Класкоўскі: Было відавочна, што ён выступае вельмі эмацыйна і надта ўзрушаны гэтай сытуацыяй. Усім ужо бачна, што «элегантнай перамогі» не атрымалася. Я ня думаю, што ён меў за мэту пераканаць журналістаў незалежных беларускіх ці заходніх выданьняў. Журналісцкая аўдыторыя засталася пры сваіх перакананьнях.

Галоўнай мэтавай аўдыторыяй быў шырокі электарат. Абываталі, якія ня надта сочаць за незалежнай прэсай, не разьбіраюцца ў нюансах, бачаць толькі карцінку на БТ, атрымалі зараз такую порцыю прапаганды ад кіраўніка дзяржавы. Вось на іх гэта магло ў пэўнай ступені ўзьдзейнічаць.

Гэта мерапрыемства мусіла засьведчыць, што ўлада моцна трымаецца на сваіх пазыцыях, ніхто яе не спалохае — наадварот, усе павінны яе баяцца.
Зараз будзе нейкая паказальная фаза рэпрэсіяў, можа, ня надта моцных, але існуе патрэба пасьля «лібэралізацыі» зноў узьняць градус страху ў грамадзтве.


Цыганкоў: Нярэдка пасьля перамогі на выбарах старыя кіраўнікі абяцаюць пэўныя перамены. Тое ж самае было ў Аляксандра Лукашэнкі ў 2001 і 2008 годзе. Але на гэты раз, наадварот, Лукашэнка казаў, што ніякіх асаблівых пераменаў не патрэбна.

Класкоўскі: Урэшце, аднойчы слова «рэформы» прагучала — Лукашэнка паабяцаў рэфармаваць інтэрнэт. Натуральна, «рэфармаваць» трэба браць у двукосьсе. Відавочна, будзе праведзена рэгістрацыя Інтэрнэт-СМІ і абсяг свабоды слова скароціцца.

Калі казаць шырэй, то зараз наступае фаза закручваньня гаек, бо зьявілася фармальная падстава — падзеі на плошчы Незалежнасьці. І зараз будзе нейкая паказальная фаза рэпрэсіяў, можа, ня надта моцных, але існуе патрэба пасьля «лібэралізацыі» зноў узьняць градус страху ў грамадзтве. Бо надта асьмялелі некаторыя, на думку ўладаў.

Празь нейкі час, калі жарсьці ўлягуцца, з боку Менску і з боку Эўропы будуць адноўлены спробы неяк нармалізаваць дачыненьні. Адпаведна адновяцца і пэўныя гульні ў дэмакратыю, хаця ў нейкім абмежаваным фармаце.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG