Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Я. Раманчук: “Адказнасьць за тое, што адбылося – на тых, хто яе на сябе браў”


У эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода Яраслаў Раманчук на пытаньне, ці сам ён пісаў заяву з асуджэньнем трох кандыдатаў за падзеі на плошчы Незалежнасьці, адказаў: “Не камэнтую”. Ён таксама сказаў, што дзеля вызваленьня сваіх паплечнікаў гатовы нават выйсьці з партыі.

Яраслаў Раманчук, былы кандыдат у прэзыдэнты, зрабіў заяву з асуджэньнем дзеяньняў некаторых апазыцыйных палітыкаў падчас учорашніх падзеяў у Менску. Сёньня палітык быў запрошаны на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы. Пра зьмест гэтай размовы і пра матывы сваёй пазыцыі, выкладзенай ва ўчорашняй заяве, ён распавёў у інтэрвію Свабодзе.



Юры Дракахруст.
Дракахруст:
Яраслаў, у вас сёньня адбылася сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Паведамляецца, што вы папрасілі разабрацца са справай Анатоля Лябедзькі, вызваліць яго. А чаму толькі яго?

Раманчук: Я казаў, што трэба ўсе справы разглядзець, таму што людзі затрыманыя несправядліва. Але зьвярнуў увагу на тое, што я добра ведаю. У нас адзіная пазыцыя – у мяне, у Анатоля, у партыі. І калі гаворка ідзе пра тое, каб чалавек адказваў за свае дзеяньні, дык Анатоль, якога ў 3 гадзіны ночы ўзялі з кватэры, безумоўна, невінаваты.

Дракахруст: А чаму вы былі запрошаны на гэтую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам? Іншых кандыдатаў спасьціг іншы лёс.

Раманчук: Гэтае пытаньне не да мяне. Я ад пачатку казаў, што мы ідзем на плошчу з канструктыўнай, міралюбівай пазыцыяй. Мы былі супраць таго, каб ставіць людзей у сытуацыю, калі магчымыя правакацыі. Другі момант – у нас была канструктыўная праграма падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Зь ёй азнаёмілася шмат людзей ў структурах улады. Таму я думаю, што была такая прапанова. Я думаў, што будзе магчымасьць задаць пытаньне на прэсавай канфэрэнцыі. Аказалася – у іншым фармаце.

Дракахруст:
Яраслаў, а зараз – да вашай заявы пра падзеі ўвечары 19 сьнежня ў Менску, якая атрымала неадназначную рэакцыю. Дык хто, на ваш погляд, нясе адказнасьць за гэтыя падзеі – маральную. палітычную, юрыдычную?

Раманчук: Гэта тры розныя адказнасьці. Палітычную адказнасьць нясуць, зразумела, улады. Ня трэба было даводзіць сытуацыю да кропкі кіпеньня. Трэба было заставацца на Кастрычніцкай плошчы, дачакацца вынікаў выбараў і зрабіць заяву, што няма справядлівых выбараў і гэтыя выбары – гэта фарс. З пункту гледжаньня маралі былі тры кандыдаты, якія сказалі, што бяруць адказнасьць за плошчу. Я казаў, што я магу ўзяць адказнасьць за правядзеньне рэформаў у краіне, але на плошчу мы пойдзем, спадзеючыся, што ёсьць нейкі сцэнар, пра які нам скажуць.

Там не было сцэнару і рашэньні прымаліся без майго ўдзелу, без кансультацый з АГП. Так што адказнасьць за тое, што адбылося – на тых людзях, якія яе на сябе бралі яшчэ напярэдадні плошчы. Мы тут кажам пра маральную, а не юрыдычную адказнасьць. З пункту гледжаньня юрыспрудэнцыі можа быць адказнасьць за дробнае хуліганства для тых людзей, якія разьбілі шыбу і дзьверы. Але гэта безумоўна не цягне на тое, што ўлады могуць "прышыць" – 6-8 гадоў.

Дракахруст: У сьпісе тых трох людзей, якія, на ваш погляд, нясуць адказнасьць за плошчу, маральную паводле вас, вы не называлі Ўладзімера Някляева. Калі ён невінаваты, то чаму вы і за яго не папрасілі?

Раманчук: Уладзімер Някляеў ня быў на плошчы і ня мог фізычна несьці адказнасьць за гэта. Я яшчэ раз кажу: я казаў пра ўсіх людзей, якія павінны быць вызваленыя, каб была падстава для паўнавартаснага дыялёгу. Таму што гэта патрэбна новай Беларусі.

Дракахруст: Яраслаў, некаторыя задаюць пытаньне, ці самі вы пісалі тэкст вашай заявы з ацэнкай падзеяў на плошчы. Там вы, у прыватнасьці, прыгадваеце жонку аднаго з кандыдатаў. Гэта мае такое вялікае значэньне? На вас не рабіўся нейкі ціск? Можа, вас паставілі ў сытуацыю, калі вы вымушаны былі гэта напісаць і сказаць?

Раманчук: Не камэнтую.

Дракахруст: Як будуць далей будавацца вашы адносіны з вашай партыяй? Нацыянальная Рада АГП адмежавалася ад вашай пазыцыі.

Раманчук:
Я лічу важнай задачай для сябе вызваленьне Анатоля і нашых сяброў з турмы. Калі я зраблю захады, якія будуць незразумелыя, але накіраваныя на дасягненьне гэтай мэты, і партыя вырашыць, што я ёй перашкаджаю, я, безумоўна, добраахвотна напішу заяву і выйду зь яе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG