Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія АБСЭ чакае адказу ўладаў адносна затрыманых і падзеяў 19 сьнежня


Тоні Лойд і Герт Арэнс.
Тоні Лойд і Герт Арэнс.
Місія назіральнікаў АБСЭ прыйшла да высновы, што ня можа даць станоўчай ацэнкі прэзыдэнцкім выбарам у Беларусі. Стандарты АБСЭ не былі вытрыманыя, і выбары нармальнымі не былі. Місія АБСЭ адзначыла, што Беларусі трэба яшчэ прайсьці значны шлях, першы чым яна зможа поўнасьцю адпавядаць сваім абавязаньням у рамках АБСЭ. Хаця місія адзначыла некаторыя зьмены да лепшага. Місія лічыць свае высновы «дакладнымі і правільнымі».

Вечар выбараў быў азмрочаны затрыманьнямі практычна ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама сотняў актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным прэсавым рэлізе місіі. Хоць агульны ход галасаваньня на выбарах атрымаў станоўчую ацэнку, аднак якасьць працэсу значна пагоршылася пры падліку галасоў. Назіральнікі адзначалі гэтую працэдуру як «дрэнную» ці «вельмі дрэнную» практычна на палове выбарчых участкаў. Гэта зьвяло на нішто тыя крокі, якія былі зробленыя для паляпшэньня выбараў.

Тоні Лойд, які ўзначальваў місію кароткатэрміновых назіральнікаў, заявіў, што зьмены ў выбарчым кодэксе Беларусі яшчэ не гарантуюць правядзеньня выбараў згодна са стандартамі АБСЭ.

«Гэтыя выбары не змаглі даць Беларусі той новы пачатак, якога яна вартая. Працэсу падліку галасоў не хапала празрыстасьці. Я асабліва чакаю адказу ўраду за арышты кандыдатаў, журналістаў і праваабаронцаў».

Тоні Лойд

Кіраўнік доўгатэрміновай місіі Герт Арэнс адзначыў, што ён спадзяваўся на больш станоўчую справаздачу, але гэта немагчыма з-за неналежнага падліку галасоў і сілавой рэакцыі ўраду на падзеі 19 сьнежня. Ён адзначыў, што місія сур’ёзна расчаравана падлікам галасоў пасьля закрыцьця выбарчых участкаў.

329 кароткатэрміновых назіральнікаў з 44 краін АБСЭ прадставілі больш за 4300 справаздач па працэдуры падліку галасоў і галасаваньня. Спадар Арэнс адзначыў:

«На жаль, на падставе гэтых высноваў станоўчая ацэнка выбараў немагчымая. Нашы адзіныя стандарты — абавязаньні краін у рамках АБСЭ, і гэтыя абавязаньні не былі вытрыманыя ў рамках гэтых выбараў. Я спадзяюся, што супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і БДІПЧ АБСЭ будзе працягвацца і прынясе значны плён у будучыні».

Герт Арэнс

На пытаньне, ці зьяўляецца легітымным Аляксандар Лукашэнка на наступны тэрмін, спадар Лойд сказаў, што дае камэнтары толькі па працэсе выбараў і толькі людзі Беларусі могуць меркаваць, ці легітымны ён.

Асабліва журналістаў цікавіў лёс затрыманых падчас учорашняй акцыі. Герт Арэнс і кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Халер сустрэліся з гэтай нагоды зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Офіс АБСЭ будзе разьбірацца далей, бо гэтыя падзеі — «частка бэкграўнду гэтых выбараў». Тоні Лойд сказаў, што ўлады нічога не паведамілі пра месцазнаходжаньне затрыманых. Ён заклікаў улады патлумачыць умовы іх утрыманьня, а таксама іх будучыню. Таксама місія чакае ад уладаў адказу пра дзеяньні 19 сьнежня.

На прэс-канфэрэнцыі выступіла жонка зьняволенага кандыдата Ўладзімера Някляева, якая распавяла, што ўлады не даюць інфармацыі пра месцазнаходжаньне мужа. Яна зачытала зварот да генпракурора з просьбай даць прававую ацэнку падзеям.

Вольга Някляева
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG