Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе знаходзіліся тыя, каго затрымалі падчас падзей 19 сьнежня, у якіх умовах ім давялося правесьці ноч на 20-га?



11-я гадзіна раніцы, завулак Акрэсьціна, ізалятар часовага ўтрыманьня. Каля дзьвярэй сабралася чалавек 30 — моладзь, людзі сярэдняга веку. Гэта сябры і сваякі затрыманых. Людзі кажуць, што тут трымаюць да 200 чалавек, але дакладных зьвестак пра колькасьць вязьняў — няма. Сьпісы затрыманых ня вывешаныя, сваякам не даюць ніякай інфармацыі, перадач не прымаюць.

«Нічога нам ня кажуць, а сьпісаў няма. Я прыходзіла сюды ноччу а 3 гадзіне, і сьпісу не давалі. Сёньня прыйшла, таксама сьпісу не даюць і нічога ня кажуць. Шукаю сына — Паходня Мікалай, але знайсьці не магу. Сказалі толькі, што тут дзяцей няма. Вось адзіны ў іх адказ, што дзяцей няма. Мяне завуць Натальля Паходня, а шукаю я сына Колю».

Час ад часу брама ізалятара адчыняецца, каб упусьціць альбо выпусьціць цёмна-зялёныя аўтазакі, якія клічуць «каробачкамі». Людзі кажуць, што гэтак завозяць у ізалятар затрыманых, якія ноч правялі ў райаддзелах. У іншых міліцэйскіх машынах, таксама без вакон, затрыманых вязуць у суды. У раскрытую браму адразу кідаюцца людзі і зноў патрабуюць сьпісаў затрыманых, нават пагражаюць, што перакрыюць целамі дарогу, пакуль ім не дадуць інфармацыю. Але гэта ня дзейнічае. Самых настойлівых адштурхоўваюць міліцыянты ў чорнай вопратцы, якіх шмат было пры разгоне мітынгу 19 сьнежня.

Тым часам прыходзіць інфармацыя, што ўжо пачаліся суды. Жанчына распавядае, што яе сына прымусілі прызнацца ў дробным хуліганстве, інакш яму пагражае значны тэрмін. Больш — ніякай інфармацыі.

Вам гэтая інфармацыя патрэбная, але зразумейце нас: нам гэта нічога ня дасьць.
«Вам гэтая інфармацыя патрэбная, але зразумейце нас: нам гэта нічога ня дасьць, толькі стане горш. Гэта жах, што адбывацца, жах!»

Чарговы аўтобус з затрыманымі выехаў з ізалятара, паводле зьвестак, у Кастрычніцкі суд. Праз паўгадзіны ў Кастрычніцкім судзе сапраўды пачаліся працэсы над затрыманымі, але сяброў і сваякоў на працэсы не пусьцілі. Нават у суд большасьці патрапіць не ўдалося. Малады чалавек як ні апэляваў да Канстытуцыі, гэта не дапамагло.

«Гэта беззаконьне, што мяне не пускаюць. Тут знаходзіцца мая дзяўчына, спадзяюся, што яна тут. Інфармацыі ж не даюць. Дайняк Ганна. Яе трымалі ноч у Сьляпянцы, у міліцэйскім пастарунку, і, магчыма, прывезьлі сюды».

У судовай канцылярыі паведамілі: судзіць затрыманых будуць судзьдзі Германовіч і Пратасавіцкая. Сьпісу затрыманых не далі, сказалі толькі, што пакуль іх васьмёра.

Аднак затрыманы Арцём Шаўчэнка, які чакаў у калідоры сваёй чаргі на суд, сказаў, што разам зь ім прывезьлі ня меней за 30 чалавек. Паводле маладога чалавека, да суду ім не давалі есьці, але дазвалялі піць. Шаўчэнку затрымалі на Нямізе, далёка ад плошчы Незалежнасьці. А вось Аляксандра Сухаверхага разам зь сяброўкай Кацярынай Сідарэвіч затрымалі на вуліцы Мясьнікова каля крамы.

«Нас у холадзе пратрымалі ўсю ноч, у аўтамабілях, на тэрыторыі РАУС».

«А пра маіх сыноў можна я распавяду? Іх затрымалі на прыпынку на Нямізе. Спынілася побач машына з амапаўцамі і ўсіх забралі. Мяне завуць Куўшынава Тацяна».

Ужо праз 3 хвіліны Аляксандра Сухаверхага вывелі ад судзьдзі — 10 сутак арышту за дробнае хуліганства. Яшчэ праз 5 хвілін асудзілі ягоную сяброўку Кацярыну Сідарэвіч — штраф 30 базавых велічынь.



Журналістаў на працэсы ў Кастрычніцкім судзе Менску не пусьцілі — міліцыянты не дазвалялі нават наблізіцца да заляў, у якіх ішлі суды. Судзьдзі Германовіч і Пратасавіцкая, калі ў перапынках выходзілі ў калідор, на заўвагі журналістаў наконт закрытасьці працэсаў не адказвалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG