Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта былі затрыманыя пасьля ўчорашняй акцыі пратэсту апазыцыі ў Менску. Сярод іх Рыгор Кастусёў, Аляксей Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч, Дзьмітры Вус. Кастусёва і Вуса адпусьцілі. Родным і блізкім астатніх кандыдатаў невядома, дзе яны цяпер. Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што Някляеў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Родныя не змаглі атрымаць пацьверджаньне гэтай інфармацыі. Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што завадатары беспарадкаў у Менску арыштаваныя і супраць іх заведзеная справа паводле артыкула 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках).

Родныя дагэтуль ня ведаюць, дзе знаходзяцца былыя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў і Віталь Рымашэўскі. Спадара Някляева, які перад акцыяй пратэсту ў выніку нападу АМАПу атрымаў траўмы галавы і быў шпіталізаваны, позна ўначы выкралі невядомыя. Някляева вынесьлі з палаты на коўдры, жонку Вольгу пры гэтай спэцапэрацыі зачынілі ў суседнім пакоі:

«Я напісала заяву аб выкраданьні мужа са шпіталя, выклікаўшы нарад яшчэ ўчора ноччу... Калі ён затрыманы, хай яны скажуць, дзе ён знаходзіцца. Я тэлефаную і пытаюся пра сваю заяву аб прапажы мужа, а яны кажуць, што знайсьці яго ня могуць. Ні міліцыя, ні пракуратура, ні КДБ ня ведаюць. Мы тэлефанавалі ўсім».

Жонка Віталя Рымашэўскага Наста ніякай інфармацыі пра мужа таксама ня мае. У спадара Рымашэўскага разьбітая галава, яго затрымалі пасьля таго, як лекары апрацавалі яму раны ў шпіталі. Невядомыя ў цывільным дзейнічалі як захопнікі, кажа жонка Рымашэўскага:

«Гэта выкраданьне чалавека. Пакуль што атрымліваецца толькі маліцца за яго».

На літасьць ад Лукашэнкі Наста Рымашэўская не спадзяецца.

Адзіным з затрыманых, хто здолеў патэлефанаваць пасьля затрыманьня, стаў Рыгор Кастусёў. А 4-й раніцы пасьля допыту ў КДБ па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў і ўзброеным супраціве міліцыі ён зьвязаўся з Аляксеем Янукевічам. Спадар Янукевіч паведаміў:

«Абвінавачаньне на той момант яму прад’яўленае не было. Ці ён працягвае знаходзіцца ў КДБ, мы на гэты момант ня здолелі высьветліць».

Пазьней па БТ паказалі запіс інтэрвію з Рыгорам Кастусёвым, у якім той выказваў жаль у сувязі з інцыдэнтам каля Дома ўраду:

«На жаль, знайшоўся шэраг людзей, якім захацелася зрабіць правакацыю. Канечне, шкада, што скончылася біцьцём вокнаў, ламаньнем дзьвярэй... Нам паступала такая інфармацыя пра тое, што расейскі бок зацікаўлены ў падобным разьвіцьці падзей у Беларусі. Складана сказаць, канкрэтна хто гэта, але я лічу, што праявіўся прарасейскі вэктар разьвіцьця Беларусі».

Разам з тым патэлефанаваць жонцы Рыгору Кастусёву не далі. Ларыса Кастусёва паведаміла «Свабодзе»:

«Учора я патэлефанавала яму, ён якраз ехаў, везьлі ў гэтай машыне. Сёньня тэлефанавала — нічога не вядома, недаступны. Па галаве надавалі... Астатняе невядома. На фоне ўсяго ў дачкі прыступ, я выклікала хуткую. Так што чакае нас невядомасьць, ня ведаю, чым гэта скончыцца».

Сын Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп, якія ўчора абое былі затрыманыя, знаходзіцца ў бабулі і дзядулі. Для спадара Саньнікава шукаюць адваката. А Ірына Халіп знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна, паведамілі ў штабе Саньнікава:

«Яна сядзіць у камэры з нашымі актывістамі, так што ў нас была сувязь зь ёю некаторы час. Яна пабітая, і ёй не даюць дапамогі. Мы ёй сказалі, дзе яе муж. Хутчэй за ўсё, у яго зламаная нага, таму што гэта ня вывіх».

У штабе Мікалая Статкевіча пакуль ня могуць знайсьці месца знаходжаньня былога кандыдата. Сяргею Марцалеву ўдалося пагутарыць зь ім толькі ў момант затрыманьня:

«Ён ехаў тады ў машыне, яго затрымалі людзі, якія не прадставіліся, без апазнавальных знакаў, не паведамілі, куды яны яго вязуць. Скончылася наша зь ім размова тым, што Статкевіч сказаў, што ён бачыць, што яго вязуць на Акрэсьціна».

Давераная асоба Дзьмітрыя Вуса Ўладзімер Калганаў паведаміў, што ягонага кандыдата забралі супрацоўнікі КДБ а 2 гадзіне ночы з дому. Па БТ агучылі тэкст заявы спадара Вуса, у якой той асуджае дзеяньні мітынгоўцаў на плошчы Незалежнасьці.

Апошнім затрымалі Аляксея Міхалевіча, паведаміў ягоная давераная асоба Ігар Драко:

«Мы мяркуем, што ён сядзіць у КДБ, бо КДБ забірала. А палове на пятую прыляцелі, а пятай пачалі дзяўбаць у дзьверы. Мы кажам — пачакайце да 10-й раніцы. Кажуць, такая сытуацыя, што ня можам, і пачалі дзьверы ламаць».
XS
SM
MD
LG