Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя назіральнікі ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прыйшлі да высновы, што ўчорашнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі паказалі, што Беларусь мусіць прайсьці яшчэ доўгі шлях да выкананьня сваіх абавязаньняў перад АБСЭ, хоць некаторыя канкрэтныя паляпшэньні былі зробленыя, – гаворыцца ў апублікаванай сёньня заяве АБСЭ.

Ноч пасьля выбараў была азмрочаная затрыманьнямі большасьці кандыдатаў у прэзыдэнты і сотняў актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Хоць галасаваньне ў дзень выбараў атрымала ў цэлым станоўчую ацэнку, працэс значна пагоршыўся падчас падліку галасоў, у якім каля паловы з манітараваных выпадкаў падліку было ацэнена назіральнікамі як дрэнныя або вельмі дрэнныя. Гэта паставіла пад сумнеў крокі, якія былі прынятыя для паляпшэньня выбараў.

"Гэтыя выбары не далі Беларусі новага пачатку, якога яна патрабавала. Працэсу падліку галасоў не хапіла празрыстасьці. Народ Беларусі заслугоўваў лепшага. У прыватнасьці, я цяпер чакаю, што ўрад растлумачыць арышты кандыдатаў у прэзыдэнты, журналістаў і актывістаў у галіне правоў чалавека ", – сказаў Тоні Лойд, які кіруе місіяй кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЭ і ўзначальвае дэлегацыю ПА АБСЭ.

"Я вельмі спадзяваўся, што гэтым разам мы зможам зрабіць больш станоўчую ацэнку. На жаль, гэта немагчыма ў сьвятле заганнага падліку галасоў і жорсткай рэакцыі ўладаў на ўчорашнія дэманстрацыі ", – сказаў амбасадар Герт-Гінрых Арэнс, кіраўнік Місіі доўгатэрміновай місіі АБСЭ / БДІПЧ па назіраньні за выбарамі. Ён заклікаў беларускія ўлады па-ранейшаму прытрымлівацца сваіх абавязаньняў перад АБСЭ і не спыняць дэмакратычныя рэформы, неабходныя для прывядзеньня выбараў у адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі.

Назіральнікі адзначылі, што падчас выбарчай кампаніі ўсе кандыдаты былі ў стане данесьці свае звароты да электарату бесьперашкодным чынам. Яны маглі зьвярнуцца да выбарцаў наўпрост у дзьвюх праграмах-тэледэбатах і ў бясплатным эфірным часе, дадзеным ім без цэнзуры, але ў абмежаваным фармаце.

Тым ня менш, цяперашні прэзыдэнт і іншыя прэтэндэнты змагаліся ў няроўных умовах. Былі выпадкі злоўжываньня адміністрацыйнымі рэсурсамі для прапаганды дзейнага прэзыдэнта. Нацыянальныя тэле- і радыёканалы прысьвяцілі каля 90 адсоткаў часу палітычных навінаў дзейнаму прэзыдэнту. Адсутнасьць разнастайнасьці СМІ абмежавала выбаршчыкам магчымасьці зрабіць усьвядомлены выбар.

Цэнтральная выбарчая камісія кіравала тэхнічным бокам выбарчага працэсу добра і празрыста, але ёй не хапала бесстароннасьці. Хоць выбарчае заканадаўства дазваляе мець плюралістычны склад выбарчых камісій, на практыцы менш 1 адсотка ад сябраў камісіі прадстаўлялі апазыцыю.

Нягледзячы на некаторыя паляпшэньні ў выбарчым заканадаўстве, прававая база ўсё яшчэ адэкватна не гарантуе правядзеньня выбараў у адпаведнасьці з абавязаньнямі АБСЭ. Важныя аспэкты выбарчага працэсу рэгулююцца ня ў поўнай меры. Яны ўключаюць адсутнасьць гарантый для забесьпячэньня цэласнасьці датэрміновага галасаваньня і падліку галасоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG