Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: пакараны арыштамі трое давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты


Сёньня ў Цэнтральным судзе Гомелю пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі: на 15 сутак — Юры Клімовіч, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, на 12 сутак — Валер Сьляпухін, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Адміністрацыйныя справы супраць іх паводле артыкула 17.1 разглядалі адпаведна судзьдзі Марына Дамненка й Алена Цалкова. Давераныя асобы кандыдатаў нібыта лаяліся на вуліцы. Пра гэта сьведчылі ў рапартах гомельскія міліцыянты, якія й затрымлівалі актывістаў. Спадара Клімовіча затрымалі яшчэ 18 сьнежня, калі ён з царквы вяртаўся дамоў і зайшоў у краму, спадара Сьляпухіна — 19 сьнежня ў 14:20 блізу плошчы Паўстаньня.

Пакараны арыштам на 12 сутак судом Савецкага раёну і Юрась Захаранка, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Юрась Захаранка таксама "брыдка лаяўся" 19 сьнежня, прычым у 5:30 раніцы, калі пайшоў з дому на вакзал, каб ехаць у Менск.

У Гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня, што на вуліцы Барысенкі, пацьвердзілі, што трое пакараных арыштамі давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты знаходзяцца тут. Суды над імі на падставе міліцэйскіх пратаколаў былі праведзеныя хутка, без удзелу сваякоў і журналістаў.
XS
SM
MD
LG