Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя актывісты ў рэгіёнах падсумоўваюць вынікі назіраньня і выяўленых цягам асноўнага дня галасаваньня парушэньняў. Падрабязнасьці ўдакладняюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Новыя выбары горшыя за старыя

Гомельскія актывісты кампаніі "За справядлівыя выбары" параўноўваюць сёлетнія прэзыдэнцкія выбары з папярэднімі. Ніякай лібэралізацыі выбараў, па сутнасьці, не адбылося. Нейкае паслабленьне было зроблена хіба толькі падчас збору подпісаў. Далей — ранейшы сцэнар. Выбарцаў, і ў першую чаргу студэнтаў, абавязвалі галасаваць датэрмінова.

Да прыкладу, 70 адсоткаў студэнтаў мэдычнага ўнівэрсытэту, якія жывуць у інтэрнаце ў мікрараёне "Гомсельмаш", прагаласавалі датэрмінова на ўчастку № 41.

На ўчастку № 22 ва ўнівэрсытэце імя Скарыны, дзе галасавалі пераважна студэнты, датэрмінова апусьцілі бюлетэні 70,7 адсотка.

Падсумоўвае ход галасаваньня ў рэгіёне адзін з каардынатараў кампаніі "За справядлівыя выбары", старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

Уражаньне такое, што мы вярнуліся ў 2001—2006 гады
"Уражаньне такое, што мы вярнуліся ў 2001—2006 гады, калі не давалі ніякай інфармацыі. Назіральнікі толькі знаходзіліся на ўчастках, але не маглі даведацца сапраўдныя лічбы галасаваньня, за каго рэальна людзі прагаласавалі. Нічога не паказваюць, не даюць ніякай інфармацыі, выдаляюць, нейкія правакацыі выкарыстоўваюць. Пачаліся затрыманьні актывістаў".

Зінаіда Шуміліна, назіральніца на ўчастку № 14, што ў Савецкім раёне Гомелю, толькі што паведаміла, як камісія лічыць галасы:

Старшыня назіральнікам: а вы што, яшчэ й бюлетэні хацелі ўбачыць?
"Пасадзілі нас на шэсьць мэтраў ад стала, за якім лічаць — і павярнуліся да нас сьпінамі. Калі я сказала старшыні камісіі — нам што, глядзець на сьпіны? Мы ж нічога не пабачым! А ён у адказ — а вы што, яшчэ й бюлетэні хацелі ўбачыць? Я кажу, што я так буду й пісаць у заўвагах. А ён мне: "А мне ўсё адно — што хочаце, тое й пішыце".

У абласным цэнтры сталі вядомыя вынікі галасаваньня яшчэ на адным закрытым участку № 14, які месьціцца ў абласным дзіцячым клінічным шпіталі на вуліцы Жаркоўскага.

Як паведаміла назіральніца кампаніі "За справядлівыя выбары", былая старшыня гарвыканкаму Сьвятлана Гальдадэ, у сьпісе тут значыліся 84 выбарцы. Непасрэдна на ўчастак прыйшлі галасаваць 12 чалавек. Назіральніца дамаглася, каб вынікі лічылі асобна. Выявілася, што за Аляксандра Лукашэнку тут прагаласавалі 9 выбарцаў, за Ўладзімера Някляева — 3.

У пераноснай скрыні, якую сябры камісіі насілі ў інфэкцыйнае ды іншыя аддзяленьні, куды назіральнікаў не пусьцілі, вынікі былі наступнымі: 63 — за Аляксандра Лукашэнку, 2 — за Андрэя Саньнікава, па 1 голасе — за Ўладзімера Някляева, Рыгора Кастусёва, Дзьмітрыя Вуса, Алеся Міхалевіча і Яраслава Раманчука.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Горадні галасавалі паводле ксэракопіі пашпарта

У Горадні ў 27-й школе на ўчастку нумар 62 назіральнікам ад руху "За свабоду" Андрэй Дарошка. Ён адзначае такія парушэньні:

"Прыйшла жанчына, прынесла тры пашпарты, два зь іх адразу ўзялі сябры камісіі. Я пытаюся: як гэта адна жанчына будзе галасаваць па трох пашпартах? Яны: не-не-не, мы ёй выдадзім толькі адзін бюлетэнь. Яна забрала пашпарты, прагаласавала і пайшла. Празь некаторы час прыйшла дзяўчына, у яе пашпарта не было, толькі ксэракопія. Я кажу — як вы можаце прымаць ксэракопіі? Паводле заканадаўства яна павінна быць заверанай. Мне кажуць: яна завераная. Я кажу — калі ласка, пакажыце пячатку. — "А вы не міліцыянт, каб правяраць пячаткі!" Словам, адмовілі мне ў гэтым".

Андрэй Дарошка адзначыў таксама наступны выпадак:

"Адна жанчына ўкінула два бюлетэні. Я сказаў пра гэта. Яна адказвае — гэта ж майго мужа. Але ж муж стаяў у дзьвярах, нават у кабінку не заходзіў".

Людміла Чакан — назіральніца ад БХК, яна знаходзілася ў Горадні на ўчастку нумар 106 у 9-й школе. Колькі бюлетэняў выдадуць выбарцам, якія хочуць галасаваць дома, назіральнікам адмовіліся сказаць, зазначае яна.

Чакан: "Спыталіся: якая колькасьць выбарцаў на даму? Калі яны зьбіраліся выяжджаць якраз. Старшыня замяўся: усё потым, цяпер я вам нічога не магу сказаць. Атрымалася, што дадзеных мы не атрымалі. Мы пра гэта і зрабілі запіс, што не атрымалі адказу на сваё пытаньне. Старшыня гэта матываваў тым, што цягам дня яны будуць некалькі разоў езьдзіць, таму што людзі могуць яшчэ падысьці і папрасіць альбо, наадварот, адмовіцца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG