Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экзыт-пол «ЕсооМ»: Лукашэнка набраў 79,1% галасоў


Сёлета дазвол праводзіць экзыт-полы падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі атрымалі тры кампаніі — аналітычны цэнтар «ЕсооМ», Рэспубліканскі саюз грамадзянскіх аб’яднаньняў «Беларускі камітэт моладзевых арганізацый» і кампанія «TNS-Украіна». Ліцэнзіі на правядзеньне сацыялягічных дасьледаваньняў падчас выбараў дае адмысловая камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук.

Першыя дзьве структуры ўжо праводзілі падобныя апытаньні — падчас рэфэрэндуму 2004 году і на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Тады вынікі іх экзыт-полаў фактычна супалі з афіцыйнымі вынікамі выбараў, абвешчанымі Цэнтравыбаркамам Беларусі. Украінская кампанія «TNS-Украіна» праводзіць апытаньне на замову тэлеканалу ОНТ.

Інтэрнэт-выданьні 19 сьнежня стракацяць загалоўкамі кшталту «Вайна экзыт-полаў працягваецца». Кіраўнік «TNS Украіна» Мікалай Чурылаў абверг лічбы, якія ўдзень зьяўляліся на сайтах са спасылкай на невядомага інфарматара. А 20-й гадзіне той жа спадар Чурылаў абнародаваў свае афіцыйныя лічбы — 72% за Лукашэнку, па 6 — за Саньнікава і Някляева.

Удзень у інтэрнэце зьявілася інфармацыя і пра лічбы Расейскага агенцтва эфэктыўных камунікацыяў INSIDE. Малады чалавек паведаміў карэспандэнту РИА Новости, што ён працуе ў агенцтве INSIDE і яго супрацоўнікі праводзяць неафіцыйны экзыт-пол, дазвол на які ў ЦВК ня бралі. Паводле ягоных слоў, быццам бы на 14-ю гадзіну за Лукашэнку галасавала 37,8%, а за альтэрнатыўных кандыдатаў — 42%. Разам з тым дырэктар расейскага агенцтва Ганна Нясьмеева заявіла: «Мы не займаемся палітыкай. Можа, яны пераблыталі і ёсьць агенцтва з падобнай назвай».

Паводле інфармацыі Аналітычнага цэнтру ЕсооМ, якую кіраўнік цэнтру Сяргей Мусіенка паведаміў пасьля 20-й гадзіны, перамог на выбарах Лукашэнка, набраўшы 79,1% галасоў выбарцаў, апытаных на выхадзе з участкаў. На другім месцы — Рыгор Кастусёў з 4,2%. Супраць усіх прагаласавалі 3,7% выбарцаў. На трэцім месцы Яраслаў Раманчук — 3,1%, далей ідуць Андрэй Саньнікаў — 2,6%, Уладзімер Някляеў — 2,4%. За Віктара Цярэшчанку, паводле дадзеных экзыт-полу, прагаласавалі 1,8%, Алеся Міхалевіча — 1%, Віталя Рымашэўскага — 0,9%, Міколу Статкевіча — 0,8%. Замыкае сьпіс Дзьмітры Вус — 0,4%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG