Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах міліцыянты працягваюць затрымліваць людзей, якія накіроўваюцца ў Менск на пасьлявыбарчы мітынг. Падрабязнасьці паведамляюць карэспандэнты "Свабоды".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У Менск не пусьцілі пяць актывістаў Берасьцейшчыны

На аўтатрасе Брэст-Масква ў раёне Бярозы затрыманы Алесь Мех з Кобрына, а таксама Станіслаў Чарніцкі і Аляксандар Ярмашук. Яны ехалі разам у Менск. Удакладняе Сяргей Ягораў.

Затрыманьне праводзіў інспэктар Бярозаўскага ДАІ Андрэй Точка. Паводле Аляксандра Меха, іхнюю машыну яшчэ ад Кобрына пільнавалі спэцслужбоўцы. Затрымаць, аднак, вырашылі каля Бярозы. Раней зь цягніка на чыгуначнай станцыі ў Бярозе зьнялі Валянціна Лазарэнкава і Аляксея Коўтуна, іх даставілі ў Бярозаўскі РАУС.

У Алеся Меха супрацоўнік ДАІ запатрабаваў дакумэнты:

"Яны забралі нашыя дакумэнты на праверку. Але пазьней адзначылі, што ніякіх прэтэнзій яны да нас ня маюць. Тым ня менш на спраўджваньне дакумэнтаў міліцыянтам спатрэбілася каля 40 хвілін. Пасьля гэтага да нас яшчэ прыехалі міліцыянты".

Да затрыманых на трасе прыехалі старшы сьледчы Бярозаўскага УУС Яўген Драгун і інспэктар ДПС Уладзімер Антончык на чале з маёрам Ігарам Амельчуком, опэрупаўнаважаным Бярозаўскага крымінальнага вышуку.

Алесю Меху і яго калегам было патлумачана, што нібыта аўтамабіль, на якім яны ехалі, падобны да падазраванага ў зьдзяйсьненьні ДТЗ.

ВІЦЕБШЧЫНА


Перасьлед актывістаў у Віцебску, Полацку, Мёрах

Пра затрыманьні на Віцебшчыне паведамляе Браніслава Станкевіч.

Леанід Аўтухоў, прыхільнік Уладзімера Някляева з райцэнтру Гарадок Віцебскай вобласьці, патэлефанаваў у міліцыю і распавёў, што з самага ранку яго перасьледуе легкавік, у якім езьдзяць невядомыя ў цывільным:

"З раніцы ўжо сёньня — поўная аблога. Я спрабаваў неяк выкруціцца, зьехаць, але толькі ад’яжджаю — за мной адна машына, і яшчэ адна, з ДАІ — наперарэз. Ну што рабіць? Міліцыя потым прыйшла, узялі тлумачэньні. Што яны робяць, маўляў. А во стаяць над душой, за 10 крокаў!"

Цягам дня па дарозе на Менск затрымалі яшчэ некалькі груп актывістаў зь Віцебшчыны
Гарадоцкі актывіст працуе назіральнікам на адным з выбарчых участкаў, машына зь невядомымі чакала яго каля ўвахода. Пасьля звароту ў міліцыю невядомыя ў цывільным зьехалі, але на іх месца прыехалі іншыя — ужо ў міліцэйскай форме.

Праблемы з ДАІ адзначаюць амаль усе, хто меркаваў дабрацца ўвечары да Менску. У Віцебскім РАУС даюць тлумачэньні моладзевыя актывісты Ўладзіслаў Варанецкі, Яўген Сьцяпанаў, Ганна Богатава і Мікалай Жарноўскі.

Міліцыянты цьвердзяць, што ў машыне, на якой ехала моладзь, "перабітыя" нумары. Будуць спраўджваць, ці не знаходзіцца аўтамабіль у вышуку.

Ужо другі раз затрымалі віцебскага актывіста кампаніі "Гавары праўду" Сяргея Парсюкевіча. Яго зь непаўналетнім сынам амаль 6 гадзін трымалі ў міліцыі, а як толькі адпусьцілі і ён на ўласнай машыне выехаў з дому — затрымалі ізноў:

"Праверка дакумэнтаў. Не сыходзяцца нібыта нумары кузава і тэхпашпарта. Ізноў, напэўна, паедзем у Кастрычніцкі РАУС".

Цяпер пра свае далейшыя пляны актывісты праз тэлефон не размаўляюць. Цягам дня па дарозе на Менск затрымалі яшчэ некалькі груп актывістаў зь Віцебшчыны — у прыватнасьці, з Полацку і зь Мёраў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Чацьвёртае затрыманьне Ігара Каваленкі

Каля дзьвюх сотняў прыхільнікаў Уладзімера Някляева з Магілёўскай вобласьці выправіліся ў Менск на Кастрычніцкую плошчу. Колькі зь іх прарвалася празь міліцэйскія кардоны, невядома. Напрыклад, Ігар Каваленка, давераная асоба кандыдата, за восем гадзін ня можа адолець 200 кілямэтраў. Падрабязнасьці ў Андрэя Белагубава.

Write Your Quote Here ...
Першы раз машыну, якой едуць Каваленка й трое магілёўскіх штабістаў Някляева, затрымалі ў вёсцы Княжыцы — гэта за пятнаццаць кілямэтраў ад Магілёва. Супрацоўнікі ДАІ зьвінавацілі кіроўцу ў тым, што ён выпіўшы. Павезьлі на экспэртызу ў Магілёў. Алькаголю ў кіроўцы ня выявілі. Чацьвёрты раз машыну затрымалі а 20 гадзіне ля вёскі Натальеўск, што ля Чэрвеня.

"Ні да мяне, ні да іншых няма ніякіх прэтэнзіяў, толькі да кіроўцы. Кіроўцу адпраўлялі два разы ў наркалягічны дыспансэр. Высьвятлялі, ці ён цьвярозы. Гадзіна-паўтары, значыць, губляецца. Тое, што я паказваю пасьведчаньне даверанай асобы, — ім напляваць. Во зноў толькі што кіроўца сказаў, што яго зноў вязуць у Чэрвенскую бальніцу. Ізноў кіроўца "п'яны". Пятнаццаць хвілін праехалі ад апошняга паста, дзе ў Беразіно вазілі. Зараз зноў вязуць. Сказалі, што празь пяць кілямэтраў будзе яшчэ адзін пост, і нас там зноў затрымаюць. Можа, да паўночы й прыедзем", — кажа Ігар Каваленка.

Як сьцьвярджае актывіст з Магілёва, да Менску разам зь ім ехалі шасьцёра паплечнікаў, аднак двое вырашылі дабірацца спадарожнымі машынамі. Тыя з ахвотай бяруць пасажыраў, калі даведваюцца, што тыя едуць у Менск на Плошчу.
XS
SM
MD
LG