Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтухоў паскардзіўся ў міліцыю на “перасьлед невядомымі”


Belarus - Leanid Autukhou, political activist, 13Aug2009

Belarus - Leanid Autukhou, political activist, 13Aug2009

Леанід Аўтухоў, прыхільнік Уладзімера Някляева з райцэнтру Гарадок Віцебскай вобласьці, патэлефанаваў у міліцыю і распавёў, што з самага ранку яго перасьледуе легкавік, у якім езьдзяць невядомыя ў цывільным.

Гарадоцкі актывіст працуе назіральнікам на адным з выбарчых участкаў, машына зь невядомымі правяла яго да гэтага месца ды чакала перад выхадам. Калі спадар Аўтухоў выйшаў паабедаць, машына зноў скіравалася за ім. Урэшце ён мусіў патэлефанаваць у міліцыю ды паведаміць пра перасьлед. Пасьля гэтага машына зьнікла, але праз пэўны час зьявілася зноў.

На думку Леаніда Аўтухова, яго перасоўваньні адсочваюць міліцыянты ў цывільным, бо ў яго быў намер паехаць у Менск на Кастрычніцкую плошчу.

Такім самым чынам невядомыя сачылі і за былым палітвязьнем Сяргеем Парсюкевічам, таксама прыхільнікам Уладзімер Някляева. Віцебскі актывіст зьбіраўся паехаць у Менск, але мусіў правесьці каля шасьці гадзін у Чыгуначным і Кастрычніцкім райаддзелах міліцыі, бо яго затрымалі “па падазрэньні ў забойстве” на віцебскім аўтавакзале.

Падазрэньні ў забойстве былі скасаваныя, але міліцыянты высунулі новыя – у крадзяжах. Актывіста, якога затрымалі разам з 16-гадовым сынам, некалькі гадзін правяралі на датычнасьць да крадзяжоў, зьдзейсьненых за апошні месяц у Кастрычніцкім раёне. Адпусьцілі яго толькі каля 17.15, і пра свае далейшыя пляны ён зь перасьцярогі ня хоча паведамляць па тэлефоне.
XS
SM
MD
LG