Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сіліцкі: “Лукашэнка элегантна мінімізаваў зьнешнія выклікі”


Дракахруст: Віталь, да завяршэньня выбараў застаюцца дзьве гадзіны. Мы пакуль ня ведаем, што будзе сёньня ўвечары. Але ўжо зараз, ці можна сказаць чым сёлетняя кампанія адрозьніваецца ад кампаніі 2006 году?

Сіліцкі: Відавочна, што гвалту менш. Нават з папраўкай на тое, што пачаліся пэўныя рэпрэсіўныя крокі. Дакладна пра тое, чым яна адрозьніваецца, мы зможам сказаць праз 3 дні. Але вызначу некалькі чыньнікаў.

На гэтых выбарах не адбылося сапраўднай барацьбы за ўладу. Першае – прабаваў змагацца за ўладу адзін кандыдат, але яго сілы аказаліся вельмі слабыя. Другое – ўлада выбрала маніпуляцыйны , а не прэвэнтыўны сцэнар. Прэвэнтыўны – гэта калі ўлада спрабуе адразу заціснуць усё на сьвеце. Гэтым разам былі дапушчаныя некаторыя лібэральныя дэкарацыі, зьвязаныя хутчэй з вонкавымі, чым ўнутранымі чыньнікамі.
Пазытыўны для пашырэньня свабоды грамадзтва вынік атрымаўся менавіта таму, што зьнік градус палітычнай напружанасьці. Бо ніякія значныя ўнутраныя выклікі Лукашэнку падчас гэтых выбараў не паўсталі. Былі зьнешнія выклікі, але Лукашэнка іх даволі элегантна мінімізаваў. Ён прыгожа разьвёў і нармалізаваў адносіны з усімі вонкавымі гульцамі.
Прафэсійная зьнешнепалітычная дзейнасьць беларускіх уладаў падчас гэтых выбараў -- гэта было самым нечаканым для мяне.

Дракахруст: Сёньня раніцай Лідзія Ярмошына агучыла лічбы датэрміновага галасаваньня – 23%. Гэта на 8 адсоткавых пунктаў меней, чым было ў 2006 годзе. Ці азначае гэта, што і выніковая лічба галасаваньня за Лукашэнку будзе больш сьціплая, чым на мінулых выбарах? І Лукашэнка сёньня раніцай заявіў, што Кастусёў у нейкіх апытаньнях выйшаў на другое месца. Так і будзе ў афіцыйных выніках?

Сіліцкі: На другое пытаньне адкажу, што не ўпэўнены. Кастусёў -- адзін з магчымых прэтэндэнтаў на другое месца. Магчыма, гэта будзе Саньнікаў, але спрагназую, што гэта будзе не Някляеў. Калі кандыдатаў 10 , то ніхто акрамя аднаго ня мае належнага палітычнага капіталу і іх можна расстаўляць як хочаш. У 2006 годзе Мілінкевіч быў відавочным другім нумарам. Яго хацелі засунуць на апошняе месца, але не атрымалася.Па маім адчуваньні, калі б быў нармальны падлік галасоў, на другім месцы быў бы Някляеў.

Што тычыцца лічбы датэрміновага галасаваньня, то я лічу, што яна сапраўды індыкатар таго, што афіцыйная лічба галасоў за Лукашэнку будзе бліжэй да вынікаў 2001, а не 2006 году -- дзесьці 76%.

Дракахруст: Існуе меркаваньне, што вынік сёлетняй кампаніі вызначыць Плошча. Які ваш прагноз – што вырашыць Плошча? Як будуць разьвівацца падзеі на Плошчы?

Сіліцкі: Плошча вельмі важная. Пытаньне пра ўладу амаль не стаіць, але ёсьць пытаньне, якой будзе гэтая ўлада, якім будзе курс. Гэта залежыць ад стасункаў улады з навакольным сьветам. Ці хопіць Лукашэнку цярпеньня. Яму з цяжкасьцю даецца гэтая лібэральная дэкарацыя.
Іншае пытаньне -- а ці ёсьць плян ў тых, хто павядзе народ на Плошчу, ці атрымаецца затрымаць людзей на Плошчы больш за 3 гадзіны. Калі не, то не спатрэбіцца ніякіх рэпрэсій. Усё рассмокчацца.

Тут большы выклік не для ўлады, а для апазыцыі. Бо калі ўсё хутка рассмокчацца, то палітычны капітал лідэраў , якія клічуць народ на Плошчу і якія робяць выгляд, што народ ідзе за іх, а не за сябе, як, скажам, іду я - гэты капітал будзе зьнівэляваны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG