Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі і Алесь Міхалевіч галасавалі паводле месца жыхарства ў Менску. Адзіны сярод прэтэндэнтаў іншагародні кандыдат Рыгор Кастусёў гэтаксама галасаваў па ўзятым адмацаваньні ў Менску, хоць мае магілёўскую прапіску. За што прагаласавалі палітыкі? Перадае Ігар Карней.

Рымашэўскі: "Мы не за рэвалюцыю"

Сустаршыня партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі выбарчы ўчастак у сталічным мікрараёне Сухарава наведаў з жонкай Настай і дачкой Евай, якой 1 год і 3 месяцы. У школьных калідорах людзі перашэптваліся: маўляў, добра, калі палітык можа пахваліцца сваёй сям'ёй. Першай справай кандыдат у прэзыдэнты Рымашэўскі пацікавіўся ў сябраў камісіі, ці не зьбіраюцца яны фальсыфікаваць выбары і, пачуўшы адказ, што ні ў каго нават у думках такога не было, зрабіў свой выбар. Сказаў, што галасаваў не за асобу, а за зьмены:

Кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі
За зьмены, за вяртаньне беларускаму народу права на свабодныя выбары. За прэзыдэнта, а не за ўзурпатара. Гэтая ўлада паважае толькі адну пазыцыю — пазыцыю сілы. І беларускі народ павінен яе не прызнаць. Калі выбары будуць сфальсыфікаваныя, то беларускі народ мае канстытуцыйнае права на нацыянальны страйк. Улады кажуць, што мы за рэвалюцыю. Не, мы не за рэвалюцыю. Дзеля таго, каб зьмянілася ўлада, трэба папросту перастаць вас карміць. І тады, як п'яўка, гэта ўлада спадзе зь цела беларускага народу, калі ёй перастане паступаць кроў.

Дзеля таго, каб зьмянілася ўлада, трэба папросту перастаць вас карміць
Свабодныя выбары — гэта ня толькі справядлівы падлік галасоў, хоць і яго ў нас ня будзе. Свабодныя выбары — гэта таксама і роўны доступ у СМІ для незалежных кандыдатаў, свабодныя дэмакратычныя выбары — гэта таксама і роўныя магчымасьці агітацыі. У нас таксама гэтага не было. І тыдзень таму, два тыдні таму можна было ўжо казаць, што выбары несвабодныя, недэмакратычныя".
Спадар Рымашэўскі яшчэ раз патлумачыў, дзеля чаго ідзе сёньня на Плошчу:

"Перадусім дзеля таго, каб адстаяць права беларускага народу абіраць сабе ўладу. У нас гэта права было скрадзенае 16 гадоў таму. Мы зробім усё магчымае, каб пераапранутыя правакатары спэцслужбаў не справакавалі бойкі, у тым ліку зь міліцыяй. Чакаць правакацый можна толькі ад іх, таму што дэвіз гэтай Плошчы такі: мы — адзін народ. І мы добра разумеем: як міліцыя, так і простыя людзі — гэта адзін народ, беларусы. Гэтая ўлада 16 гадоў сеяла варожасьць паміж намі, спрабавала сутыкнуць, пасеяць злосьць у грамадзтве. Мы павінны супрацьпаставіць гэтаму іншы дух. Гэта іх мэтады — агрэсія, страх, нянавісьць. Нашы мэтады павінны быць іншыя — дух міру, дух салідарнасьці, дух свабоды. Вось з гэтым мы ідзем на Плошчу".



Кастусёў: "цьвёрдасьць БНФ падабаецца ўсім, ня толькі Лукашэнку"


Кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў галасаваў на выбарчым участку №5 у Партызанскім раёне сталіцы. Кажа, што яму пайшлі насустрач і дазволілі прагаласаваць на падставе адмацаваньня. Ларыса Кастусёва, жонка кандыдата, галасавала ў Шклове. Апошнія два месяцы спадар Кастусёў амаль увесь час праводзіць у разьездах і не хавае, што назапасілася пэўная стомленасьць:

Кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Рыгор Кастусёў
"Трошкі фізычная стомленасьць, канечне, адчуваецца. Тым больш, што я і ўчора быў у трох гарадах Гомельскай вобласьці, апошнія ночы даводзілася спаць ня больш чым па 3-5 гадзінаў. Але самае галоўнае, што ёсьць маральнае задавальненьне. І гэты больш важна, чым стомленасьць. Праца зробленая вялікая".

Карэспандэнт: "Спадар Рыгор, Лукашэнка неаднаразова Вас нахвальваў, сёньня таксама. З чым, на Ваш погляд, гэта зьвязана? Можа зямляцкія пачуцьці прачнуліся?".

Мы ніколі не выступалі з пазыцыі "чым горш, тым лепш"
"Можа і так (сьмяецца). Але, калі сур'ёзна, самае галоўнае, што наша Партыя БНФ прадстаўляе нацыянальна сьвядомыя сілы, і мы заўсёды заставаліся на пазыцыі інтарэсаў Беларусі, на пазыцыі інтарэсаў беларускага народу. Мы ніколі не выступалі з пазыцыі "чым горш, тым лепш", мы заўсёды на першы плян ставілі нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

Я лічу, цьвёрдасьць гэтай пазыцыі падабаецца ўсім, ня толькі Лукашэнку. Падабаецца многім выбарцам. Я падчас сустрэчаў у розных рэгіёнах таксама чуў ад нашых грамадзянаў такія словы: вы малайцы, ня здраджваеце пазыцыі 1990-х гадоў. Людзі ў вялікай ступені пагаджаюцца, што калі б усё ж перамог у 1994 годзе Беларускі Народны Фронт, ты мы жылі б проста па-іншаму. Мы жылі б нашмат лепей, жылі б на ўзроўні заходнеэўрапейскіх народаў".

Міхалевіч: "Ад 1994 не было такіх дэмакратычных выбараў"


Кандыдат у прэзыдэнты Аляксей Міхалевіч на выбарчым участку на праспэкце Машэрава прагаласаваў за сябе, паколькі лічыць, што здольны кіраваць дзяржавай. Ні фізычнай, ні маральнай стомленасьці не адчувае і цяпер рыхтуецца да вызначальнай падзеі — Плошчы:

Кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Алесь Міхалевіч
"Якраз на сёньняшні дзень у мяне няма стомленасьці. Я пасьля таго, як прагаласаваў, разам з назіральнікамі ежджу ад камісіі да камісіі, там дзе ёсьць праблемы, проста як кандыдат у прэзыдэнты, і спрабую зрабіць так, каб парушэньні выправілі. Вельмі добра сябе адчуваю, ніякай дэмаралізаванасьці няма".

Карэспандэнт: "З улікам абвешчанай лібэралізацыі, большых магчымасьцяў для кандыдатаў, як лічыце, адкрылася новая старонка ў выбарчым працэсе?"

"Адназначна, гэта новая старонка. Ад 1994 году ў нас не было настолькі
Калі людзей на Плошчы будзе шмат, то можна меркаваць, што наступныя выбары будуць праходзіць па эўрапейскіх стандартах
дэмакратычных выбараў, як гэтыя. Ну, але падлік галасоў усё роўна, як я бачу, будзе фальшаваны. Аднак у любым выпадку гэта значна большы ўзровень дэмакратыі, чым тое, што было раней. І ўсё ж упэўнены, што сёлетнія выбары — гэта вялікі крок да пераменаў. Я перакананы, што ўсё будзе залежыць ад Плошчы. Калі людзей будзе шмат, то можна меркаваць, што наступныя выбары будуць праходзіць па эўрапейскіх стандартах. Я заклікаў усіх сваіх прыхільнікаў прыйсьці на Плошчу, і я сам асабіста, канечне ж, там буду".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG