Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматдзетная маці з Магілёва Натальля Шкадун спыніла галадоўку


Натальля Шкадун са старэйшай дачкой Надзеяй

Натальля Шкадун са старэйшай дачкой Надзеяй

Доўжылася яна восем сутак. Жанчына дамагалася ад улады паляпшэньня жыльлёвых умоваў для сваёй сям’і. Цяпер у трохпакаёвай кватэры памерам 63 квадратныя мэтры жыве дзевяць чалавек. Яна патрабуе выдзеліць ёй дзьве кватэры плошчай 120 квадратных мэтраў.

Натальлі Шкадун гарвыканкам прапанаваў варыянты вырашэньня жыльлёвай праблемы. Яна выбрала найбольш прыдатныя для сям’і.

“Тых кватэраў я яшчэ ня бачыла. Увосень мне прапаноўвалі іх, аднак тады я не змагла патрапіць у дом, бо не было да яго як прайсьці. Здаюць гэты дом у канцы першага кварталу 2011 году. Я ж вырашыла спыніць галадоўку, бо зразумела, што зь дзяржаўнай сыстэмай змагацца бессэнсоўна. Кожны чыноўнік бароніць другога чыноўніка. Буду выходзіць з галадоўкі. Заўтра пайду назіральніцай на выбарчы ўчастак. Для гэтага патрэбныя сілы”.

Галадоўку Натальля Шкадун распачала 9 сьнежня. Палепшыць жыльлёвыя ўмовы яна намагаецца адзінаццаць гадоў.

Натальля Шкадун мае ордэн Маці й пасьведчаньне шматдзетнай сям’і. У яе пяцёра дзяцей, чацьвёра зь іх — непаўналетнія.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG