Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хутчэй за ўсё, гэта ўжо апошняя аблога ў бягучым годзе і дзесяцігодзьдзі, якое падышло да канца. Бо заўтра а сёмай вечара я, разам зь іншымі блогерамі, пляную далучыцца на Прывакзальнай плошчы да Віталя Рымашэўскага і Міколы Статкевіча, і заставацца на вуліцы датуль, пакуль будзе трываць пратэст супраць самадзяржаўя. Назіраць за ім зь бясьпечнай адлегласьці праз манітор пры магчымасьці выйсьці і ўзяць у пратэсьце асабісты ўдзел лічу ганебным. Для няўдзелу ёсьць усяго некалькі апраўданых прычынаў: 1) шчырая падтрымка дыктатарскага курсу; 2) адсутнасьць фізычнай магчымасьці прысутнічаць; 3) наяўнасьць уласнай палітычнай стратэгіі, якая не ўключае ў сябе дэмакратызацыю грамадзтва паводле эўрапейскіх узораў. Усё астатняе, як на мой погляд, недарэчныя адгаворкі.



(Прымусіў агітацыйную паштоўку гаварыць праўду блогер genosse_u)

19-ГА СЬНЕЖНЯ: АГЛЯД, ШТО ЖЫВОГА ЗАСТАЛОСЯ НА НАШАЙ ЗЯМЛІ


Сваё нежаданьне ўдзельнічаць у акцыі пратэсту 19 сьнежня тыя, хто не падтрымлівае дыктатуру, зацікаўлены ў дэмакратызацыі грамадзтва паводле эўрапейскіх узораў, і мог бы фізычна прысутнічаць на плошчы, але ня хоча гэтага рабіць, часьцей за ўсё тлумачаць нібыта заведамай безнадзейнасьцю мерапрыемства:

«Існуе такі тып катаваньня, як катаваньне надзеяй. Гэта яно... Усе катуюць адзін аднаго. Падманваюць сябе і іншых, "жыве Беларусь" кажуць. Belarus is dead, на самой справе». (lukashyk)

На гэта завочна адказвае mikalaj_achyzha:

«Падбрэхічы пужаюць грамаду вадамётамі, лёсам генэрала Карбышава (уяўляеце - Цэнтральная плошча, якая пазьней атрымала мянушку Акцябрскай - музэй лядовых скульптур). Фантасмагорыя... У сваёй краіне нічога ня трэба пужацца, няхай дрыжаць тыя, хто натварыў і працягвае тварыць злачынствы. Нам наканавана вялікае выпрабаваньне. Мы цалкам расчараваныя ў здрадзе Эўропы, мы яшчэ раз убачылі фізіяномію расейскай улады. Цяпер варта паглядзець на саміх сябе. Цешыць сябе казкай пра перамогу? Каб яшчэ мацней расчаравацца? Для мяне плошча 19 сьнежня - агляд, а што жывога і сумленнага засталося на нашай зямлі, у нашай і нянашай сталіцы. Бо хочам мы таго альбо ня хочам з панядзелка 20 сьнежня (відушчы хай убачыць) атрымаем палітычныя руіны

Найлепшым пісьменьнікам застанецца Чаргінец... Найлепшым журналістам застанецца Якубовіч... Налепшымі сьпявачкамі будуць розныя "сьпяваючыя трусы"... Аграрнымі героямі - майстры прыпісак...

А мы павінны будзем зьбіраць найлепшае, што засталося ў шэрагі. Шчэ Янка Купала пісаў некалі: "Цікавыя людзі мы - беларусы! Трэба прызнацца, што якое б ліха навокал нас і з намі ні рабілася, якіх бы ні перажывалі нягод і крыўдаў - мы гэтага як бы ня бачым, а калі і бачым, то ліха церпім і чакаем, што вось нехта прыйдзе і гэтае наша ліха пабярэ з сабой... Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецьця - гэта мы самі. І калі ня хочам загінуць,калі ня хочам быць вечнымі рабамі, - павінны пакінуць мы благую прывычку думаць, што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі..."».




(genosse_u)

Далей працягвае тэму extraneus:

«За пяць гадоў паменела патасу і энтузіязму; паболела скепсысу і здаровага (?) цынізму. Пасталеў, аброс якой-ніякай працай, нерухомасьцю, крэдытамі.. І ўсё цяжэй адарваць азадак дзеля нейкае абстрактнае агульнае справы, якая асабіста мне аніякіх дывідэндаў не абяцае ні разу. Хутчэй наадварот. Знайсьці сабе з выхадам на Плошчу прыгодаў на пятую кропку; быць звольненым у невялікім горадзе, дзе іншай працы папросту няма - верагоднасьць невялікая, але ўсё адно большая за нуль.

Таму заўжды прысутнічае спакуса папоўніць шэрагі скептыкаў, ды гундосіць сабе і іншым, што няма, бач ты, ні пляну дзеяньняў, ні арганізацыі, ні лідэраў, што народ - быдла, і наогул усё марна: вайна прайграная яшчэ да ейнага пачатку.

Але праўда палягае ў тым, што:

- кожны з нас ссумаваўся па Падзеях, кожны чакае хоць нейкае "дзьвіжухі" у гэтым балоце;

- усім нам, уключна з самымі закаранелымі скептыкамі, усё адно ў душы хочацца, каб людзей 19-га выйшла на Плошчу як мага болей;

- кожны хацеў бы паказаць свой fuck Сыстэме;

- кожны прагне, каб гэтыя ўблюдачныя ўлады нарэшце пачалі з намі лічыцца;

- і ніхто, што б там ні казалі, ня мае ілюзіяў, нібыта гэта магчыма зьдзейсьніць шляхам "выбараў", а не праз адкрыты пратэст.

Дык якога тады ражна сядзець дома?

Што тычыцца мяне, я цьвёрда ведаю: колькі б людзей ні прыйшло 19-га на акцыю, ладную іх частку будзе складаць "слабы пол". Дзевачкі там, студэнткі... Некаторыя зь якіх прыйдуць, пераадолеўшы амаль містычны страх (дарэчны ці не - не аб тым гаворка). Будзе няўтульна, непрыстойна і проста сорамна бачыць гэтую карцінку, седзячы ў цяпле, ды спачуваць ім зь бясьпечнай адлегласьці. У некаторых у гэтай сытуацыі яшчэ запускаецца своеасаблівы абарончы мэханізм самаапраўданьня - згубіўшы ахвоту хоць да нейкіх уласных актыўных дзеяньняў, пацыент пачынае у лепшым выпадку шматмудра апэляваць да катэгорыяў Realpolitik, у горшым - зьвягаць, што гэтыя дзеўкі ідыёткі, ну і далей па тэксьце - няма ні пляну дзеяньняў, ні арганізацыі, ні лідэраў і blah-blah-blah (прынамсі, галоўны трэнд апошніх пяці год палітызаванай інэт-публікі - сьцёб з "змагарства" - я схільны бачыць перадусім у гэтым, а не ў рэальных заганах аб'ектаў кпінаў). А гэта ўжо - наўпросты шлях у мудацтва, зь якога цяжка збочыць.

Так што, адарваць азадак і рвануць на Менск усё ж давядзецца. Безь вялікай ахвоты і спадзяваньняў - проста засьведчыць сваю прысутнасьць. Бо калі цябе няма нават на Плошчы - значыць, цябе няма наогул».




(Зроблена блогерам head_of_babulka)

Засьведчыць сваю прысутнасьць ня дзеля галачкі і заспакаеньня сумленьня, а дзеля таго, каб улада бачыла, што «мне тут яшчэ не ўсё роўна»:

«Я чалавек, па сутнасьці, апалітычны: я ня сябра палітычных партыяў, досыць павярхоўна разьбіраюся ў палітычнай сытуацыі, ня надта сачу за ёй. Увогуле, я далёка не ідэал, чалавек з мноствам грахоў і дрэнных звычак. А нечыя канкрэтныя палітычныя інтарэсы мяне мала цікавяць. І зьбіраючыся ў нядзелю на Плошчу, я толькі жадаю паказаць, што немагчыма ўжо не заўважаць таго гаўна на агульнадзяржаўным узроўні (маны/прымусу/страху), якое не дае як сьлед выявіць сябе столькім цудоўным людзям». (smatrycenka)

Гэтай мэты дасягнуць няцяжка - дастаткова проста адкінуць развагі пра немагчымасьць рэвалюцыі і выйсьці. Няхай улада на нейкі час пазбавіцца сваёй нахабнай самаўпэўненасьці, няхай абвяшчае пра сваю чарговую «элегантную перамогу» дрыготкім, зрывістым голасам, няхай у яе вочкі бегаюць.

Усяго толькі і трэба, што «адарваць азадак ад... і данесьці яго да аўтобуса, які ідзе на плошчу», як раіць блогер senseisekai.

ЦІ БУДЗЕЦЕ ВЫ ПА НАС СТРАЛЯЦЬ?


Калі вам патрэбныя натхняльныя прыклады, прачытайце расповед блогера reaktivny_puz пра тое, як сустрэлі супрацоўнікі «Планару» міністра ўнутраных справаў Куляшова, прымусіўшы яго нэрвавацца:

«Устае хтосьці з рабацягаў і пытае: "Я, маўляў, 19-га на Плошчу пайду і ўвесь наш участак пойдзе. Вы па нас страляць будзеце?" Не, так даслоўна і пытае. Куляшоў афігеў, генэральны прыскокнуў, нам. дырэктара па ідэалёгіі па колеры мінавала тамат і імкліва пачала набліжацца да бурака. Рабацягі ўхвальна загулі, група падтрымкі міністра нэрвова зглынула. Міністар пачаў штосьці мямліць пра законы, а рабацяга яго пад'юджвае - "Не, дык вы адкрыта адкажыце, будзеце страляць, ці не?" Міністар муляецца, кіраўніцтва панікуе, рабацяга радуецца.

Міністр сказаў, што ў яго зброі ніякай, акрамя табэльнай, няма, і прапанаваў разабрацца на татамі. Ціпа, згладзіў сытуацыю.

Адразу пасьля ідзе нейкае ўзгодненае пытаньне з залі (прафкам выслужваецца), міністар крыху супакойваецца. Кіраўніцтва гаворыць: "Слова даецца эліце прадпрыемства - распрацоўнікам-канструктарам". Устае адзін з кіроўных распрацоўнікаў і кажа: "Я таксама пайду на Плошчу, выглядаем мы тут усе адэкватна і ўзрываць нічога ня будзем. А вы нам баіцеся адкрыта сказаць, будзеце страляць, ці не. З гэтага вынікае, што страляць вы будзеце. Я маю рацыю?" Кіраўніцтва ў поўным складзе цягнецца за валакардынам, міністр за табэльным - ці то страляць, ці то страляцца, заля радуецца.

У выніку міністар пасылае ўсіх практычна прамым тэкстам у дупу, дырэктар адпойвае ў кабінэце яго кавай з каньяком, над прадпрыемствам вісіць завеса чаканьня».


Хто сказаў, што Belarus is dead?

ПЛОШЧА - НЕ «САКРАЛЬНАЕ МЕСЦА»


Вельмі слушна, на мой погляд, адрэагаваў на словы Ўладзімера Някляева пра тое, што «плошча стала нашым сакральным месцам... нашым храмам» блогер dz_i:

«Вельмі непрыемна, што ідэя "плошча як сакральнае месца/падзея" была агучаная лідэрам. Маўляў, раз у чатыры гады ў нас рытуал - плошча, толькі на якой мы РАПТОЎНА робімся "нябыдлам" на чатыры гады наперад ды і разыходзімся, перамогшы страх (2006), прасякнутыя еднасьцю (2010). Пляцоўка перад саркафагам, дзе і людзей няшмат нават ходзіць, і няма нічога стратэгічнага, раптам выстаўленая месцам, што "стала сакральным для беларусаў". Хоп вось так - і перамога ўжо ня мэта, усё сакральна само па сабе. Рытуал стаяньня ля нулявога кілямэтра.

Ну, а параўнаньне "плошчы" з храмам - увогуле нейкая дзіўная мэтафара. У храме людзі напаўняюць боскім сэнсам увесь цыкл свайго жыцьця, - хрэсьцяцца пры нараджэньні, прычашчаюцца па сьвятах, вянчаюцца, адпяваюцца. Храму няма канца, у ім мы яднаемся з Богам. У плошчы ж мусіць быць канец, у плошчы ёсьць (мусіць быць!) мэта, да якой трэба імкнуцца, мэта, толькі для зьдзяйсьнення якой і патрэбна сабрацца на плошчы. Плошча, бясконцая як храм - гэта нешта вусьцішнае; і калі сапраўдныя храмы ўжо ёсьць, белыя, высокія, то плошча пад саркафагам, што паўтараецца бясконца і ёсьць сакральнай - гэта нейкі кафкіянска-пякельны алтар. Ніякая яна не сакральная, ніякі гэта не рытуал, і зусім не абавязкова гэта мусіць быць каток перад саркафагам. Там увогуле не абавязкова стаяць, там можна сабрацца. Сабрацца, каб рушыць.

Спадзяюся ўсіх пабачыць там, на вуліцах, без сакральных плошчаў, скандаваньня частушак, а поўных спакойнага духу і ўпэўненасьці» .


САНЯ ЗЬЕДЗЕ Ў КАРАКАС / ГААГУ


Саня, вядома, можа колькі заўгодна хацець застацца з намі, але, калі мы, беларускі народ, таго не жадаем, яму давядзецца скарэктаваць свае пляны:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG