Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правакацыі менш за ўсе патрэбныя апазыцыі»


Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

Старшыня КДБ Вадзім Зайцаў заявіў, што «некаторыя прадстаўнікі апазыцыі спрабавалі закупіць электрашокеры, пэтарды, газавыя балёнчыкі, мэталічныя штыры ды іншыя небясьпечныя рэчы». Прозьвішчаў грамадзянаў, якія спрабавалі рабіць такія закупы, старшыня КДБ не назваў. Таксама не было сказана, дзе і калі мела месца такая спроба. Чаму ўлады за некалькі дзён да выбараў зноў прыбягаюць да тых самых мэтадаў запалохваньня, якія былі і на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах? Якая асноўная мэта такіх заяваў — зьняславіць апазыцыю ў вачах большасьці альбо зьнізіць патэнцыйную колькасьць удзельнікаў акцыі 19 сьнежня на Плошчы? На гэтыя пытаньні адказвае былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб.


Цыганкоў: Напярэдадні выбараў прэзыдэнта ў 2006 годзе тагачасны старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што апазыцыя рыхтуе шэраг правакацый, у тым ліку зьбіраецца ўкідваць дохлых пацукоў у сыстэму водазабесьпячэньня. На гэтых выбарах напачатку ўлады падобных заяваў не рабілі. Але цягам апошніх дзён з заявамі пра магчымыя правакацыі з боку апазыцыі выступілі кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей і цяпер — старшыня КДБ. Чаму ўлады не вытрымліваюць «лібэральнага» сцэнару?

Грыб: Трэба паразважаць, каму патрэбныя правакацыі. Апазыцыі менш за ўсё патрэбныя правакацыі. Для таго каб зрабіць «карцінку», як кажуць улады, апазыцыі дастаткова, каб на Плошчу прыйшло шмат людзей, каб выказаць мірны пратэст. Апазыцыі непатрэбна, каб улада ўмешвалася сілавымі мэтадамі.
Улада абвясьціла «дэмакратыю», але вытрымаць яе ня можа.

Уладзе ж якраз правакацыі патрэбныя, каб паказаць, што былі парушэньні закону, і прымяніць сілу. Каб разагнаць людзей і сказаць, што ўсё гэта зроблена не таму, што мы супраць дэмакратыі, а таму, што стварылася пагроза бясьпецы людзей.

Цыганкоў: Гэтыя заявы ўладаў накіраваныя на тое, каб выклікаць у шырокіх масаў насельніцтва недавер да апазыцыі, ці на тое, каб запалохаць патэнцыйных удзельнікаў акцыі пратэсту?

Грыб: Тут ёсьць і першае, і другое. І запалохаць хочуць, і зьняславіць хочуць. Але найперш перад імі стаіць задача запалохаць людзей, якія мяркуюць прыйсьці на Плошчу.

Цыганкоў: У 2006 годзе рыторыка ўладаў была значна больш жорсткая, яны пагражалі ўдзельнікам акцыяў артыкулам аб тэрарызьме. Але людзі, тым ня менш, на Плошчу прышлі.

Грыб: Сёньня іншае грамадзтва, іншыя абставіны. Улада вельмі хоча падабацца Захаду і Ўсходу, паказаць сваю «дэмакратычнасьць». Але цярпеньня не хапае. Якая ж дэмакратычнасьць, калі кіраўнік дзяржавы заяўляе, што назіральнікі надта шмат патрабуюць — просяць лічыць, фатаграфаваць пратаколы? Улада абвясьціла «дэмакратыю», але вытрымаць яе ня можа.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG