Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч і Вус агітавалі ў Магілёве


17 сьнежня ў Магілёве правялі агітацыйную сустрэчу адразу два кандыдаты ў прэзыдэнты — Мікалай Статкевіч і Дзьмітры Вус. Абодва шукалі прыхільнасьці магілёўскіх выбарцаў у Доме культуры чыгуначнікаў. Паслухаць кандыдатаў прыйшлі больш за сотню чалавек. Сустрэча атрымалася самой працяглай з усіх, якія праводзілі ў Магілёве іх папярэднікі.


Сустрэча доўжылася тры гадзіны. Кандыдаты прамаўлялі па чарзе. Больш гаварыў Мікалай Статкевіч. Яму ж было зададзена й болей пытаньняў.

Ягоныя апанэнты, пераважна настаўнікі й чыноўнікі, адказамі засталіся незадаволеныя. Яны сьцьвярджаюць, што кандыдат не адказаў на іх па сутнасьці:

«Вырашэньне праблемаў праз плошчу — гэта не вырашэньне праблемы. Людзі цяпер павінны жыць, а мы не пачулі канкрэтных фактаў разьвіцьця эканомікі і нашай будучыні. Пустыя абяцаньні, якія зусім нічым не пацьверджаныя. Стварылася такое ўражаньне, што асновы пад гэтымі абяцаньнямі няма ніякай», — заявіла адна з апанэнтак Статкевіча.

Дзьве настаўніцы запыталіся, як кандыдат бачыць разьвіцьцё сыстэмы адукацыі і чым ён можа дапамагчы школам:

«Ну, зразумела, дапамога дзяржавы ёсьць: вось, напрыклад, нашай школе вокны паставілі, выдзелілі грошы. І нам дужа пашанцавала. Бо не хапае сродкаў. Не абавязкова мільёнамі й трыльёнамі дапамагаць. Школе можна падарыць вадкакрышталічны манітор. Ня так гэта ўжо й дорага для партыйнага руху. Альбо пяць кампутараў. А так фактаў у яго няма ніякіх», — ушчувае кандыдата адна з настаўніц.

Прыхільнікі Статкевіча сустрэчай зь ім задаволеныя. Адно зь меркаваньняў:
У нашай краіне нестае герояў, а так хочацца ў некім убачыць іх.

«Адчуваецца, што ў чалавеку ёсьць стрыжань. Чалавек гатовы на рэальныя, канкрэтныя дзеяньні. Чалавек гатовы ўзяць на сябе адказнасьць. У нашай краіне нестае герояў, а так хочацца ў некім убачыць іх. Чэсна кажучы, непрыемнае пакінулі ўражаньне выкрыкі эмацыйныя. Зусім неабгрунтаваныя».

Прамаўляў Статкевіч па-расейску. Гэта не спадабалася некаторым прысутным. Вось крытычнае выказваньне наконт гэтага:

«Мы зь ім землякі. Мы са Слуцкага раёну. У нас цудоўная мова, якая легла ў аснову літаратурнай беларускай мовы. Я незадаволеная, і я пра гэта яму скажу».

Пытаньне спадарыня задала. Статкевіч адказаў:

«Я іду на выбары. На жаль, сытуацыя такая, што моладзь беларускай мовы не разумее. Я зацікаўлены, каб мяне зразумелі. Таму я гавару на той мове, якая больш зразумелая аўдыторыі».

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч сустрэчай задаволены:

«Безумоўна, ёсьць людзі, якія прыйшлі сюды з пэўнымі пытаньнямі. Ня імі падрыхтаванымі. Але ўсё ў межах прыстойнасьці. Нават не хапае троху эмоцыяў: каб нехта зь іх пакрычаў, на сцэну выбег. Я б тады эмацыйны градус сустрэчы ўзьняў, і людзі пайшлі б больш напоўненыя станоўчай энэргіяй».

Мікалай Статкевіч жартам называў свайго калегу Дзьмітрыя Вуса «маладым кандыдатам». Пытаньняў Вусу было значна меней. Аднак і ён сустрэчай і пытаньнямі задаволены:

«Многіх тут няма, бо баяцца. У запісках пішуць, што прымушаюць датэрмінова галасаваць, прымушаюць 19 сьнежня працаваць. Я бачу, што людзі пачынаюць прачынацца ад сьпячкі, пачынаюць задумвацца».

Дзьмітрый Вус
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG