Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставіцца Ўладзімер Пуцін да эканамічнай інтэграцыі зь Беларусьсю?


Уладзімер Пуцін, адказваючы на пытаньні, пракамэнтаваў эканамічныя дачыненьні зь Беларусьсю. На чыю карысьць кампраміс па нафце? Наколькі важны расейскі рынак для беларускай прадукцыі? Якія пэрспэктывы эканамічнай інтэграцыі дзьвюх краін?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў зь Менску і намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту — Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы.

Леанід Злотнікаў
Андрэй Суздальцаў
Валер Карбалевіч

На чыю карысьць кампраміс па нафце?


Валер Карбалевіч: «Паводле Пуціна, з-за нафтавага пагадненьня Расея траціць, а Беларусь набывае 2,3 млрд. даляраў. Навошта Расея зноў вяртаецца да субсыдыяваньня беларускай эканомікі?»

Андрэй Суздальцаў: «Так, Беларусь пацьвердзіла сваё далучэньне да Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), а ўзамен атрымала доступ да ўнутраных расейскіх цэн на нафту.

У нечым паўтараецца сытуацыя канца 1990-х гадоў, калі ў межах саюзнай дзяржавы Беларусь таксама атрымлівала бязмытную нафту. Але ёсьць адрозьненьне. Цяпер Беларусь мыта за нафтапрадукты перадае ў расейскі бюджэт. Расея выйграе толькі стратэгічна, але не тактычна.

Думаю, да 2012 году Расея зноў вернецца да ўвядзеньня мыта на нафту.
Расея імкнецца інтэграваць беларускую эканоміку, рэфармаваць яе. Але думаю, што гэта не атрымаецца. Бо Лукашэнка мае вялікі досьвед невыкананьня пагадненьняў. Таму думаю, да 2012 году Расея зноў вернецца да ўвядзеньня мыта на нафту».

Леанід Злотнікаў: «Па-першае, Расея не вяртаецца да субсыдый, а проста працягвае іх. І сёлета Масква 6,3 млн. т пастаўляе Беларусі на ўнутраныя патрэбы бяз мыта. Паводле маіх разьлікаў, Беларусь наступным годам атрымае дадаткова ў параўнаньні з гэтым годам усяго каля 300 млн. даляраў. Гэта за кошт экспарту той нафты, якая здабываецца на тэрыторыі Беларусі».

Ці будуць выконвацца пагадненьні?


Суздальцаў: «Расея страчвае ад гэтых пагадненьняў 2,3 млрд. даляраў. Праблема ў тым, што беларускія ўлады штучна завышаюць беларускі ўнутраны рынак нафтапрадуктаў, каб быў меншы аб’ем іх экспарту і менш пералічваць грошай у расейскі бюджэт».

Злотнікаў: «Я лічу, што расейскі бюджэт страціць наступным годам прыкладна столькі ж грошай ад нафтавых дачыненьняў зь Беларусьсю, што і сёлета. Бо хоць мыта на нафтапрадукты напалову ніжэйшае за мыта на нафту, але справа ў тым, што з адной тоны расейскай нафты на нашых НПЗ выпрацоўваецца толькі 650 кіляграмаў нафтапрадуктаў».

Карбалевіч: «Пуцін сказаў, што наступным годам Расея паставіць Беларусі 21–22 млн. т сырой нафты. Але ж падпісана і пагадненьне з Вэнэсуэлай, паводле якога яна паставіць у Беларусь 10 млн. т нафты. А беларускія НПЗ могуць перапрацаваць цягам году толькі 22 млн. т нафты. То бок альбо Расея, альбо Вэнэсуэла павінны будуць скараціць свае аб’ёмы пастаўкі. Калі Расея скароціць свае пастаўкі, то і лічбы яе стратаў будуць меншыя.

Іншае пытаньне. Расея адмяняе мыта на нафту таму, што Беларусь уступае ў АЭП. Але ці рэальная гэта інтэграцыя? Або гэта міт?»

Злотнікаў: «У тэорыі, падручніках, усясьветным досьведзе такая форма эканамічнай інтэграцыі невядомая».

Суздальцаў: «АЭП — гэта агульны рынак. Трэба адзначыць, што новая арганізацыя запрацуе з 2012 году, а мыта на нафту для Беларусі Расея адмяніла з 2011 г. Праблема ў тым, ці будзе Лукашэнка выконваць падпісаныя пагадненьні».

Наколькі важны расейскі рынак для беларускай прадукцыі?


Карбалевіч: «Пуцін адзначыў, што Беларусь пастаўляе на расейскі рынак 70–90% усяго экспарту сваёй сельгаспрадукцыі, 40% машынабудаўнічай прадукцыі. То бок стабільны расейскі рынак — гэта пытаньне выжываньня сваёй эканомікі?»
Расейцы пабагацелі і шукаюць ня танных, а якасных тавараў.


Злотнікаў: «Беларускія тавары на расейскім рынку страчваюць сваю канкурэнтаздольнасьць. Гэтая тэндэнцыя ўзьнікла яшчэ да ўсясьветнага крызісу. Расейскія маркетолягі, напрыклад, кажуць, што праз 3–4 гады вытворцы самой Расеі задаволяць свой малочны і мясны рынак.

У Беларусі дзяржаўныя субсыдыі на вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі складаюць звыш 50% ад выдаткаў. А ў Расеі і Казахстане гэтая лічба не перавышае 18%. Але ў АЭП патрабуецца ўніфікацыя дзяржаўных субсыдый. І беларуская прадукцыя будзе неканкурэнтаздольная.

У Расеі плянуецца будаваць самы вялікі ў сьвеце завод па вытворчасьці магутных самазвалаў, які зьбіраюцца ладзіць японцы. І ці будуць мець там попыт нашы БелАЗы? Расейцы пабагацелі і шукаюць ня танных, а якасных тавараў».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG