Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малітва за Беларусь на плошчы Свабоды


На плошчы Свабоды каля будынку ратушы 17 сьнежня адбылася малітва за Беларусь. Ініцыятарамі духоўнай імпрэзы выступілі вернікі-хрысьціяне, актывісты партыі БХД.

Сабралася народу ня вельмі багата, але ўсе, што называецца, апантаныя адной ідэяй, адной мэтай. Арганізатары заклікалі вернікаў розных канфэсіяў, неабыякавых да сваёй краіны, супольна памаліцца за тое, каб Божая воля зьдзяйсьнялася ў Беларусі. Малітва адбывалася пад духоўным лёзунгам «Няхай Бог дабраславіць Беларусь і дасьць нам Сваю міласьць, праўду і свабоду». Сутнасьць акцыі арганізатары патлумачылі ў адмысловай заяве: «Мы зьвяртаемся да вас, праваслаўныя, каталікі, эвангельскія хрысьціяне, а таксама ўсе людзі добрага сумленьня. У сёньняшні час, няпросты для Беларусі, нам трэба аб’яднацца для малітвы, каб прасіць Божай міласьці для ацаленьня нашай нацыі».

У малітве за Беларусь удзельнікі найперш казалі пра абясцэненыя зямныя каштоўнасьці. Прыкладам, лік разводаў перавышае лік маладых сем’яў, кожнае чацьвертае дзіця нараджаецца па-за шлюбам, кожны трэці мужчына схільны да алькагалізму. Многія хрысьціянскія сьвятыні зьняважаныя, а хрысьціянаў караюць за малітву ля сьценаў іх храмаў. Варта нагадаць што апошнія пяць гадоў каталікі штодня моляцца за вяртаньне сваіх сьвятыняў — касьцёлу Сьвятога Язэпа, дзе месьціцца частка нацыянальнага архіву, а таксама кляштару Бэрнардынцаў. Але ў гарадзкіх уладаў на гэты конт іншыя пляны.

Дзеля маральнага і духоўнага ачышчэньня вернікі заклікалі разглядаць кожную пятніцу як дзень усеагульнага зьмірэньня і малітвы. Такім чынам, штопятніцы а 20-ай вечара прапануецца ў адзінстве ўзьнесьці малітвы аб міласьці для беларускай нацыі. Таму сёньняшняя акцыя, мяркуючы па ўсім, будзе мець працяг. Прадметам найбольш старанных малітваў мусяць стаць просьбы аб тым, каб праўда і справядлівасьць узялі ўверх на зямлі беларусаў, а ўсялякае беззаконьне было пасаромленае.

Зь вядомых людзей тут прысутнічалі сустаршыні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, Аляксей Шэін, а таксама людзі, якія апошнія некалькі гадоў моляцца за вяртаньне каталікам іх сьвятыняў.

Прамаўляе Аляксей Шэін.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG