Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія аглядальнікі: у перамозе Лукашэнкі няма сумневу


Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, дзякуючы расейскаму падарунку на выбары, мае ўсе шанцы быць абраным на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін, піша нямецкае выданьне Südwest Presse.

Аглядальнікі маюць на ўвазе вынікі апошняга візыту Лукашэнкі ў Маскву, калі Расея нечакана пайшла на саступкі і адмяніла экспартнае мыта на пастаўкі нафты ў краіну.

Аўтары публікацыі ў Südwest Presse цытуюць таксама і словы з артыкулу ў маскоўскім выданьні “Огонёк”: "Перадвыбарная кампанія скончылася, але турмы актывістамі апазыцыі не запоўненыя. Звыклыя да рэпрэсіяў беларусы зьбянтэжаныя”. Многія беларусы абяруць Бацьку добраахвотна.

Англамоўнае швайцарскае выданьне ISN (International Relations and Security Network) надрукавала артыкул галоўнага рэдактара праскага часопіса Transitions Online Джэрэмі Друкера, у якога таксама не выклікае сумневу перамога аўтарытарнага беларускага прэзыдэнта на чарговых выбарах. Як піша аўтар, нягледзячы на тое, што сытуацыя практычна ясная, цяперашняя перадвыбарная кампанія ідзе значна больш цікава і значна больш "дэмакратычна" ў параўнаньні з усімі кампаніямі за тэрмін кіраваньня краінай Лукашэнкам. Усе дзевяць кандыдатаў (рэкордна высокая лічба для прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі) зрабілі сабе дынамічную кампанію, і ў беларусаў ёсьць рэальны выбар. Сярод кандыдатаў ёсьць усе: нацыяналісты і прыхільнікі набліжэньня з Расеяй, бізнэсовец і паэт, адстаўныя дзяржаўныя чыноўнікі і даўнія праціўнікі Лукашэнкі, вэтэраны партыйнай працы і пачаткоўцы ў палітыцы.

Аднак нягледзячы на тое, што сёньня ўсе кандыдаты ад апазыцыі карыстаюцца большай свабодай у дачыненьнях з выбарцамі, правядзеньні сходаў і г.д., падобная свабода ёсьць тым ня менш толькі ілюзіяй. Эфірны час паміж дзейным прэзыдэнтам і астатнімі разьмяркоўваецца несумленна. Апазыцыянэраў у дзяржаўных СМІ малююць як ашуканцаў, якім няма чаго прапанаваць беларусам, акрамя праблем.

У Лукашэнкі ж на ўзбраеньні шмат розных прыёмаў, а таму кінуць яму сур'ёзны выклік мог бы толькі адзіны кандыдат ад апазыцыі, здольны разьлічваць на галасы выбарцаў з самых розных груп і слаёў. Але ж сёньня, падчас прэзыдэнцкай гонкі, беларуская апазыцыя расколатая як ніколі раней. У альтэрнатыўных кандыдатах блытаюцца многія выбарцы, нават даўнія прыхільнікі апазыцыі .

Тое, што Лукашэнка пераможа на выбарах, піша Джэрэмі Друкер, гэта ясна. Калі выбары пройдуць параўнальна чыста, то гэта, верагодна, спадабаецца Захаду і стане яшчэ адным важным крокам на шляху да прымірэньня, роўна як і да таго, што Захад, з усімі яго ўнутранымі і зьнешнімі праблемамі, зьмірыцца з існаваньнем ля сваіх межаў стабільнай паўаўтарытарнай дзяржавы. Да таго ж дасягнутая на мінулым тыдні дамоўленасьць з Расеяй, магчыма, пераканала Лукашэнку, што фінансавая выгада, якая прыйдзе зь лібэралізацыяй, цяпер ужо не настолькі неабходная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG