Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Вайцюшкевіч: На Плошчы ў кожнага будзе свая песьня


Госьць ранішняга жывога эфіру – адзін з тых, хто выступаў у чацьвер увечары на плошчы Свабоды, выканаўца і кампазытар, адзін з фронтмэнаў апошніх перадвыбарчых акцый Зьміцер Вайцюшкевіч.

Ціхановіч: Зьміцер, нашыя слухачы, выбарцы на сустрэчах з кандыдатамі ў гэтыя дні задаюць ім найчасьцей адно пытаньне: ці ёсьць палітычны сцэнар Плошчы? У вас запытаю: ці ёсьць мастацкі сцэнар Плошчы?

Вайцюшкевіч: Апошнім часам, як мне падалося, мастацкі сцэнар вызначаецца ўжо там, на Плошчы. Ёсьць, вядома, песьні, якія варта і трэба выконваць на Плошчы. Але ёсьць эмацыйныя пункты, на якія можна націснуць падчас нейкага ўсплёску, бо той самы «Сьцяг» або «Дзе мой край» Уладзімера Караткевіча абы-дзе не засьпяваеш. І яшчэ – патрэбнае добрае абсталяваньне, прынамсі ня горшае, чым было ўчора.

Ціхановіч: Вось яшчэ званок нашай слухачкі, на які вы, верагодна, зможаце адказаць: "З Тарасава. Якую песьню Някляева будуць пець 19 сьнежня на плошчы Каліноўскага?»

Вайцюшкевіч: Яна ўжо запісаная, і будзе дзьве вэрсіі: адна гітарная, якая гучала на перадапошняй акцыі каля чыгуначнага вакзалу, а ўчора мы сьпявалі якраз-такі ўжо маршавую вэрсію песьні «Сьцяг» Уладзімера Някляева. Маршавая дазваляе ня проста стаяць, але і ісьці, рухацца. І ня мерзнуць. Бо ўсё ж такі асаблівасьць цяперашняй і папярэдняй акцыі ў тым, што было страшэнна холадна, дык патрэбныя такія песьні, каб было трошкі цяплей.

Ціхановіч: Сапраўды, Зміцер, мы разумеем, што людзі прыйдуць на Плошчу не на канцэрт, што гэта будзе экстрэмальная ноч. Плошча адбудзецца тады, калі будзе ясна прадэманстравана палітычная воля народу. Я хачу ўспомніць вялізарнае ўзрушэньне, калі ў свой час увесь кіеўскі Майдан сьпяваў украінскі гімн. Якая песьня можа зьяднаць беларусаў, што дарэчы было б сьпяваць уначы на марозе?

Вайцюшкевіч: Якраз зь песьнямі ў нас ёсьць пэўная праблема, бо сёньняшні гімн, які ёсьць – не сакрэт, як улады з гэтым ні змагаюцца – яго ніхто ня можа вывучыць, а калі і вывучваюць мэханічна, то сэрцам яго ні спартоўцы, ні «культурныя» дзеячы... Ну, не сьпяваецца ён у іх.
Мастацкі сцэнар вызначаецца на самой Плошчы.
Таму, відаць, на Плошчы ў кожнага будзе свая песьня. Або й тая вэрсія «Сьцяга», што ёсьць – яна ўжо знаёмая людзям, для якіх і сьцяг, і герб не чужыя. Так што гэта можа быць «Сьцяг», могуць быць песьні НРМ, той самы «Паветраны шар», «Лепей ня будзе». Пакуль што песьня, якая б усіх аб'яднала і якую б усе ведалі – як «Бывайце здаровы» ці тая няшчасная «Купалінка» – у кожнага свая вэрсія гэтых песьняў...

Ціхановіч: А магчыма, беларусы маглі б узяць тыя самыя купалаўскія радкі, як я чула, вельмі ўдала знойдзеныя на ўчорашняй акцыі, калі два кандыдаты чыталі па радку верш «А хто там ідзе», а людзі адказвалі ім хорам. Калі дзясяткі тысяч адкажуць хорам «Беларусы!», дык, відавочна, гэта прагучыць пераканаўча.

Вайцюшкевіч: Па-першае, трэба, каб было добрае абсталяваньне, якое б дазволіла, каб тыя тысячы людзей пачулі. Ну і для шмат каго з тых, хто прыйдзе – для гэтых людзей, на жаль, гэтыя радкі – гэта нешта новае, хоць яны і штодня друкуюцца ў «Народнай волі»...

Ціхановіч: Зьміцер, яшчэ пытаньне пра салідарнасьць. У турме галадае мастак Алесь Пушкін, якога відавочна прэвэнтыўна затрымалі перад выбарамі. Суполка "Пагоня" прыняла з гэтай нагоды зварот. Як вы думаеце, ці нельга скарыстаць хвалю грамадзкай салідарнасьці больш актыўна, чаму маўчаць іншыя творцы?

Вайцюшкевіч: Увогуле дзіўна, што так адбываецца... Сэрца ўчора крычала, але проста не хапіла часу, бо акцыя была досыць шчыльная, а сэрца прасіла хоць два словы сказаць у падтрымку хулігана Пушкіна. Бо атрымліваецца, што адзін «хуліган» – а гэта ж адзінае, што яму інкрымінуюць – трымае напярэдадні выбараў у страху ўсю крупскую міліцыю. Варта засяродзіць увагу на гэтай справе – Алеся ўжо другі раз садзяць, каб ня дай Бог Крупскі раён не паўстаў і Пушкін не павёў са сьцягам на змаганьне з крывавым рэжымам. Варта і 19-га, і раней падтрымаць Пушкіна, які ўсё ж цяпер ня з намі.

Ціхановіч: І апошняе. Зьявілася інфармацыя, што вы, як і іншыя вядомыя творцы – Лявон Вольскі, Андрэй Хадановіч, пагадзіліся быць назіральнікамі на выбарах. Ці вы вызначыліся з участкам, і наколькі вы гатовыя да назіраньня?

Вайцюшкевіч: Вызначаемся, сёньня дзесьці ў 14.00 мне павінны сказаць, я дакладна ведаю, што гэта будзе дзесьці ў раёне плошчы Перамогі. Форма назіраньня таксама будзе сёньня ўдакладняцца, бо для мяне гэта справа новая – не пасьпяваеш прывыкаць да нейкіх новых іпастасяў... Але мы хутка вучымся, як і ўсе беларусы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG