Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: Ніхто не павінен дазваляць заставацца на ўчастках на ноч


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, выступаючы на адкрыцьці Інфармацыйнага цэнтру, пракамэнтавала тое, як праходзіць кампанія выбараў у прэзыдэнты.

ЦВК можа першая атрымаць вынікі экзыт-полаў


Цэнтравыбаркам рэкамэндуе сацыялягічным цэнтрам, якія будуць праводзіць экзыт-полы, не абнародаваць дадзеныя да 20:00, калі скончыцца галасаваньне, а спачатку падзяліцца гэтымі дадзенымі з ЦВК.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што закон не рэгулюе час публікацыі дадзеных апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў.

"Але мы рэкамэндуем гэта не рабіць, бо зьяўленьне такіх дадзеных можа расцэньвацца некаторымі кандыдатамі як агітацыя ў дзень выбараў", — заявіла Ярмошына.

"Калі на працягу дня пачнецца ўкідваньне нейкіх фальшывых дадзеных нейкіх сацыялягічных цэнтраў, зьявіцца неабходнасьць падаць іншую інфармацыю".

19 сьнежня экзыт-полы змогуць праводзіць:

  • Цэнтар ЕCOOM
  • Камітэт моладзевых арганізацыяў
  • ТНС-Україна
  • Беларуская філія ТНС


Ярмошына: пасьля 20.00 19 сьнежня ў нас няма кандыдатаў на прэзыдэнта


На вулічныя акцыі пасьля 20.00 19 сьнежня не распаўсюджваюцца нормы выбарчага заканадаўства, заявіла кіраўніца ЦВК.

Лідзія Ярмошына дадала: каб праводзіць акцыі, трэба было падаць адпаведную заяўку ў Менгарвыканкам. "Але ніводная арганізацыя не зьвярталася з такой просьбай", — дадала яна.

"Пасьля 20.00 у нас няма кандыдатаў на прэзыдэнта, калі, вядома, ня будзе прызначаны другі тур", — заявіла Ярмошына.


Ярмошына пра назіральнікаў: нахабнікаў трэба ставіць на месца


Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытаньне "Свабоды", заявіла: у яе няма фактаў, якія б пацьвярджалі, што выбарцаў гоняць на датэрміновае галасаваньне.

Ярмошына паведаміла, што ЦВК мае толькі 2 скаргі пра прымус да датэрміновага галасаваньня.

Прыкладам, камэндант аднаго з інтэрнатаў, дзе жывуць рабочыя, "актыўна запрашаў на выбары". "Калі гэта агітацыя за выбары — гэта не парушэньне. Камэндант ня мог прымушаць ісьці галасаваць, але гэтую інфармацыю правераць", — паабяцала Ярмошына.

Кіраўніца ЦВК пагадзілася з заявамі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што, маўляў, некаторыя назіральнікі паводзяць сябе на выбарчых участках, як гаспадары.

Яна паведаміла, што 17 сьнежня ў Менску аднаго чалавека пазбавяць статусу сябры камісіі, а таксама анулююць адну акрэдытацыю назіральніка кампаніі "За свабодныя і справядлівыя выбары".

Паводле Ярмошынай, сябра камісіі сарваў плёмбу са скрыні для галасаваньня, а назіральнік пачаў фатаграфаваць зьмесьціва, пагражаючы сябрамі камісіі міжнародным скандалам.

"Нахабнікаў трэба ставіць на месца", — заявіла Ярмошына.

17 сьнежня адміністрацыя Ленінскага раёну Менску выключыла з камісіі Юрася Шпака-Рыжкова.

«Я знайшоў, што пад накрыўкай адной з скрыняў для галасаваньня — дзірка памерам з руку. Я гэта зафіксаваў, сфатаграфаваў і паведаміў назіральніку. А потым яшчэ знайшоў 50 лішніх бюлетэняў. Пра гэты выпадак таксама расказаў і назіральніку, і прадстаўнікам АБСЭ. Але старшыня за такую пільнасьць вырашыла са мной разьвітацца, даслаўшы даведку на маё прадпрыемства, што ў мяне 16 сьнежня скончылася праца", — заявіў "Свабодзе" Юрась Шпак-Рыжкоў.


12% выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова, Ярмошына назвала "традыцыйным працэнтам яўкі".

"Кампанія праходзіць нармальна, а ўсе драмы разгортваюцца ў інтэрнэце. Але ёсьць спроба пэўных палітычных сілаў гэтыя выбары дыскрэдытаваць і сарваць", выказала сваё меркаваньне кіраўніца ЦВК.

Лідзія Ярмошына заявіла, што некаторы скаргі, якія ЦВК атрымлівае ад назіральнікаў, выглядаюць на сплянаваную акцыю.

Яна кажа, што згаданыя акты складаюцца з аднолькавага тэксту пра тое, што назіральнікам не дазваляюць сачыць за скрынямі ноччу.

"Ніхто не павінен дазваляць такога. Усе спробы заставацца на ўчастках на ноч — гэта заплянаваныя правакацыі", — заявіла Ярмошына.

У гэтым выпадку назіральнікі паступаюць незаконна, адзначыла старшыня ЦВК.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG