Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя погляды залежаць ад генаў і асаблівасьцяў працы мозгу


Прынята лічыць, што палітычныя погляды чалавека залежаць ад яго выхаваньня і асяродзьдзя. Апошнія дасьледаваньні зьмяшаных навуковых груп мэдыкаў — нэўрабіёлягаў, псыхолягаў і сацыёлягаў з ЗША, а таксама Вялікай Брытаніі — даказваюць, што схільнасьць чалавека да тых ці іншых поглядаў можа перадавацца генэтычна. Таксама сьцьвярджаецца, што палітычныя перакананьні людзей нашмат мацней зьвязаныя з асаблівасьцямі функцыянаваньня мозгу, чым многія прызвычаіліся думаць.

У экспэрымэнце ўзялі ўдзел сотні амэрыканцаў. Рабочым інструмэнтам дасьледчыкаў стаў магнітна-рэзанансны тамограф, які дазваляе атрымліваць аб'ёмныя выявы мозгу з адначасовым вымярэньнем яго актыўнасьці. Сярод пытаньняў, якіх тычылася дасьледаваньне, былі наступныя: наколькі глыбока адрозьніваюцца прыхільнікі розных палітычных партыяў на ўзроўні ўспрыманьня рэчаіснасьці; на што яшчэ, акрамя выбару радкоў у выбарчым бюлетэні ўплывае прыналежнасьць да таго ці іншага руху; ці можа палітычная арыентацыя праяўляцца там, дзе гэтага ніхто не чакае?

Рознае ўспрыманьне нэўтральнай інфармацыі можа прывесьці да немагчымасьці дамовіцца

Як вынікае з дасьледаваньняў навукоўцаў унівэрсытэтаў Мічыгану і Пэнсільваніі, адрозьненьні ў тым, як мозг прыхільнікаў розных партый апрацоўвае вонкавую інфармацыю, сапраўды вялікія настолькі, што ў выніку рознае ўспрыманьне, здавалася б, нэўтральнай інфармацыі можа прывесьці да немагчымасьці дамовіцца і выпрацаваць адзіную пазыцыю па важных для грамадзтва пытаньнях нават тады, калі відавочных прычын для рознагалосься паміж партыямі не павінна быць.

У рамках экспэрымэнту дасьледчыкі напісалі чатыры тэксты, якія імітуюць газэтныя нататкі па праблеме, дастаткова далёкай ад палітыкі, — дыябэту. "Нататкі" далі прачытаць сябрам дэмакратычнай і рэспубліканскай партый ЗША.

Сканаваньне іх мозгу паказала, што пры ацэнцы тых ці іншых сьцьвярджэньняў розныя ўчасткі мозгу ў рэспубліканцаў і дэмакратаў актывізуюцца па-рознаму.

Так, у адным з 4-х варыянтаў прапанаваных тэкстаў размова ішла пра тое, што ключавую ролю ў разьвіцьці дыябэту адыгрываюць звычкі і лад жыцьця. Другі варыянт гэтай жа нататкі ў якасьці прычыны захворваньня называў спадчыннасьць, трэці рабіў акцэнт на сацыяльных фактарах (узроўні прыбыткаў і родзе заняткаў), ну, а ў чацьвёртым варыянце казалася пра тое, што прычыны дыябэту да гэтага часу няясныя.

І хоць да палітычных пытаньняў тэкст наўпрост ня меў аніякага дачыненьня, рэспубліканцы і дэмакраты па-рознаму ацанілі праўдападобнасьць пададзеных навукоўцамі варыянтаў.
Калі гены ўплываюць на нашы палітычныя погляды, гэта значыць, што эвалюцыя не аддае перавагу ніводнай з палітычных ідэалёгіяў.
Дэмакраты былі схільныя лічыць найбольш пераканаўчым тэкст, у якім казалася пра сувязь хваробы з дастаткам і прафэсіяй, а вось у рэспубліканцаў такога эфэкту ня выявілася.

Удзельнікам экспэрымэнту таксама прапанавалі шукаць супярэчнасьці ў прамовах выступоўцаў. Усе асабліва добра спраўляліся з задачай, калі ім паказвалі прамовы "чужых" палітыкаў. Прычым, што асабліва цікава, гэта не было нейкім сьвядомым рашэньнем. Як паказвала магнітна-рэзананснае сканаваньне, мозг паддосьледных сапраўды працаваў па-рознаму пры аналізе "сваёй" прамовы і "чужых".

На многае ўплываюць гармоны і DRD4

Падчас экспэрымэнтаў навукоўцы выявілі яшчэ адзін цікавы факт. У выбарцаў, якія галасавалі за партыю, што пацярпела паразу, канцэнтрацыя палавых гармонаў у крыві пасьля выбараў падала. Акрамя таго, навукоўцы патрапілі выявіць і сувязь актыўнасьці рэцэптараў на паверхні нэрвовых клетак з сацыяльным статусам чалавека.

Як паказалі шматгадовыя навуковыя назіраньні за вялікай колькасьцю амэрыканцаў, праведзеныя палітолягамі і генэтыкамі з Гарварду і Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега пад кіраўніцтвам прафэсара Джэймса Фаўлера, існуе сумесны ўплыў генаў і сацыяльнага асяродзьдзя на фэнатып чалавека або сукупнасьць вонкавых і ўнутраных прыкметаў арганізму, набытых у выніку індывідуальнага разьвіцьця. Узяць, напрыклад, ген DRD4, які рэгулюе ў галаўным мозгу актыўнасьць дафаміну — нэўрамэдыятру, адказнага за пошук навага, эмацыйную ўзбуджанасьць і здольнасьць атрымліваць задавальненьне. Людзі з наяўнасьцю гэтага гену, пры ўмове, што ў дзяцінстве ў іх было шмат сяброў, зь вялікай верагоднасьцю робяцца лібэраламі, бо на лібэральныя погляды акурат уплывае менавіта камбінацыя "адкрытасьці для новага" і "знаёмства зь вялікай колькасьцю пунктаў гледжаньня".

Практычнае значэньне дасьледаваньня кіраўнік групы Джэймс Фаўлер вызначае так:

"Калі гены ўплываюць на нашы палітычныя погляды, гэта значыць, што эвалюцыя не аддае перавагу ніводнай з палітычных ідэалёгіяў: інакш мы б усе сёньня былі б кансэрватарамі або лібэраламі. Якраз наадварот — людзі маюць вялікую колькасьць меркаваньняў пра гэты сьвет. І гэта робіць нас значна больш памяркоўнымі да тых людзей, якія з намі нязгодныя!"

Нэўрафізіялягічныя і псыхалягічныя законы абумоўліваюць грамадзкае жыцьцё

Як вынікае з публікацыі ў вядучым брытанскім навуковым часопісе British Medical Journal, усьведамленьне таго, што палітычнае жыцьцё шмат у чым можа быць абумоўлена нэўрафізіялягічнымі і псыхалягічнымі законамі, дазваляе лепш разумець тое, што ў ім адбываецца. Напрыклад, тое, што палітыкі часта ня стрымліваюць сваіх перадвыбарных абяцаньняў, можа быць ня толькі іх уласнай віной — проста і самі выбарцы ў стане як дадумваць пачутае, так і несьвядома фільтраваць пэўныя падзеі. Экспэрымэнты даказалі, што мозг чалавека схільны лепш заўважаць чужыя памылкі — гэты эфэкт сам па сабе можа драматычна адбівацца на палітычным жыцьці. І чым лепш людзі разумеюць, дзе іх уласны мозг несьвядома скажае факты, тым у выніку лепш.
XS
SM
MD
LG