Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Студэнты Берасьцейскага тэхнічнага унівэрсытэту і Дзяржаўнага унівэрсытэту імя А. Пушкіна кожныя выбары галасуюць датэрмінова – прызнаюцца, што паводле загадаў і ціску адміністрацыі гэтых ВНУ. Берасьцейцы Ігар Бараноўскі і Ірына Лаўроўская падчас сёлетняй выбарчай кампаніі прыклалі нямала намаганьняў, каб зьмяніць сытуацыю.

Сустрэчы з кіраўніцтвам Берасьцейскіх унівэрсытэтаў, размова са студэнтамі, распаўсюджаньне інфармацыі сярод студэнтаў пра датэрміновае галасаваньне і магчымасьць фальсыфікацыі -- такія крокі зрабіла Ірына Лаўроўская. Спадарыня Ірына напісала адмысловы зварот да рэктараў абодвух дзяржаўных унівэрсытэтаў і асабіста наведала рэктарат:

"Я сустрэлася з рэктарам унівэрсытэту імя Пушкіна Часноўскім і размаўляла зь ім. Мы мелі даволі працяглую размову. Ён жа мне сказаў, што ніякага прымусу зь ягонага боку няма. Што ён не гоніць студэнтаў на выбарчыя ўчасткі. Таксама сказаў, што і на яго ніхто не цісьне".

Ірына Лаўроўская кажа: чыноўнікі ВНУ запэўнівалі, што не прымушаюць студэнтаў галасаваць датэрмінова, Але, у той жа час, бачыла, як на выбарчых участках стаялі калейкі студэнтаў:

"Я сустракалася са студэнтамі, раздала ім інфармацыйныя матэрыялы. Папрасіла іх распаўсюдзіць гэтую інфармацыю. Размаўляла зь імі. Я не ставіла перад сабой мэту ўзьнесьціся перад студэнтамі і адміністрацыяй ВНУ. Я і казала ім, што хачу вас падтрымаць у супрацьстаяньні гвалту над вамі, у тым, што на вас ціснуць з усіх бакоў".

Ігар Бараноўскі вёў распаўсюд інфармацыі пра тое, як варта сумленна паступіць, калі гвалтам прымушаюць галасаваць датэрмінова. Актывіст зь Берасьця прапаноўваў апускаць у скрыню чыстыя аркушы паперы, а сапраўдны бюлетэнь заклікаў аддаць тым, хто ідзе галасаваць менавіта 19 сьнежня. Спадар Ігар таксама вёў інфармацыйную кампанію ў сеціве:

"На усіх сацыяльных сетках, на суполках, дзе цікавяцца выбарамі, дзе толькі можна, у кантакце раскідваў інфармацыю пра тое, як варта лепш паступіць, калі студэнта прымушаюць галасаваць датэрмінова".

Тым не меньш, многія студэнты пайшлі галасаваць датэрмінова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG