Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна: бойка ў Вярхоўнай Радзе


У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны здарылася бойка дэпутатаў ад кіроўчай Партыі рэгіёнаў і апазыцыі. Апошнія блякавалі працу парлямэнту і зьбіраліся застацца там на ноч, патрабуючы ад улады спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць экс-прэм'еркі Юліі Цімашэнкі.

Каля сарака дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў ўвечары ў чацьвер прарвалі блякаду з трыццаці апазыцыйнікаў, пасьля чаго ў Вярхоўнай Радзе пачалася бойка. У выніку былі траўмаваныя ня менш як чатыры парлямэнтары ад Блёку Юліі Цімашэнкі. Два зь іх – Міхайла Валынец і Васіль Краўчук – атрымалі траўмы галавы, яшчэ аднаму – Уладзімеру Бандарэнку – зламалі руку. Пацярпелых дэпутатаў павезьлі з Рады на машынах хуткай дапамогі.

Сёньня раніцаю прэзыдыюм і трыбуну абкружылі дэпутаты ад Блёку Цімашэнкі і заявілі, што парлямэнт зможа аднавіць працу толькі пасьля выкананьня патрабаваньняў апазыцыі. Паплечнікі экс-прэм'еркі, у прыватнасьці, заклікалі Генэральную пракуратуру Ўкраіны адмяніць абраную для Цімашэнкі меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе.

Напярэдадні супраць Цімашэнкі распачалі крымінальную справу, вінавацячы ў тым, што ў пэрыяд свайго прэм'ерства яна не па прызначэньні выкарыстала бюджэтныя сродкі, прадугледжаныя на экалягічныя праграмы.
XS
SM
MD
LG