Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпартаж з начнога дазору ў Гомелі


Яркае сьвятло ў адной з клясаў асьвятляе машыну міліцыянта.

Яркае сьвятло ў адной з клясаў асьвятляе машыну міліцыянта.

Гомельскія актывісты кампаніі «За справядлівыя выбары» арганізавалі пільны кантроль за датэрміновым галасаваньнем на 17 гарадзкіх участках. На бальшыні зь іх — кругласуткавае пазьменнае назіраньне. У нечым нават экстрэмальнае, улічваючы, што на дварэ — зіма з моцнымі начнымі маразамі.

Час блізіцца да апоўначы. Маладыя гамельчукі Аляксандар і Сяргей ужо амаль тры гадзіны дзяжураць ля сярэдняй школы № 45 на вуліцы Багданава, дзе месьцяцца два выбарчыя ўчасткі.

Апавядае спадар Сяргей, назіральнік і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«Гадзінаў да 12 ночы мы ўдваіх, а потым па чарзе. Адзін гадзіны тры ходзіць, потым ідзе ў машыну адпачыць. Другі ходзіць тры гадзіны. Недзе а 7-й гадзіне раніцы школа адчыняецца, дык мы тады ўнутр заходзім».

Камісія не дазволіла назіральнікам знаходзіцца ўначы на выбарчым участку разам зь міліцыянтам. Дырэктар школы, у сваю чаргу, выдаляе іх пасьля 20 гадзінаў і з памяшканьня:

Сяргей: «Была камісія. Старшыня сказаў, каб нас на ўчастак уначы не пускалі, каб мы не знаходзіліся побач зь міліцыянтам. Дырэктар школы ўжо сёньня заявіў: «8 гадзінаў вечару, школьныя мерапрыемствы завяршаюцца. Усё! На вуліцу!»

Двор школы, па сутнасьці, неасьветлены. Толькі на другім паверсе, дзе й знаходзяцца выбарчыя ўчасткі, гарыць бляклае дзяжурнае сьвятло. З другога боку ўключана яркае сьвятло ў адной з клясаў. Назіральнікі кажуць, што яно асьвятляе ў двары аўтамашыну міліцыянта, які гэтым часам ахоўвае на ўчастку скрыні датэрміновага галасаваньня.

Машына назіральнікаў стаіць мэтраў за паўсотні ад міліцэйскай. Зь яе добра бачныя вокны выбарчых участкаў.

Спадар Аляксандр, прадстаўнік партыі левых «Справядлівы сьвет», кажа, што дзяжурыць ноччу на вуліцы яго прымусіла адмова ў кругласуткавым назіраньні непасрэдна на ўчастку:

«Вымушаны хоць такім чынам спрабаваць забясьпечыць празрыстасьць выбараў — сваімі высілкамі, сваімі магчымасьцямі. Робім, стараемся, магчыма, нават недзе на шкоду свайму здароўю. Але ўсё дзеля Беларусі нашай! Каб было свабодна! Надакучыла баяцца, жыць у пастаянным страху. Хочацца, каб мае дзеці ў будучым маглі вольна выказваць сваё меркаваньне, не баючыся, што страцяць працу. Маглі свабодна абіраць і быць абранымі».

Начныя назіральнікі разумеюць, што начны дазор ня надта эфэктыўны — яны ня бачаць скрыні для галасаваньня. Адно толькі назіраюць, каб увечары і ўначы ніхто чужы не заходзіў на ўчасткі.

Што да холаду, то Аляксандар ратуецца пераважна фізкультурай, нават падцягваецца на школьным турніку для разагрэву.

Сяргей мае іншы рэцэпт: «Я яшчэ прасьцей, бо спорт ня дужа люблю. Паперай ногі абматаю, пару шкарпэтак. Ну, гарбата, кава».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG