Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Handelsblatt піша, як Лукашэнка купляе сымпатыі сваіх выбаршчыкаў


Як піша нямецкае эканамічнае выданьне Handelsblatt, пакуль прэзыдэнт Беларусі патрапляе захоўваць папулярнасьць у выбаршчыкаў, і яго перамога на прэзыдэнцкіх выбарах у нядзелю — пытаньне вырашанае. Аднак, аўтар публікацыі мяркуе, што цяпер Лукашэнка будзе вымушаны праводзіць рэформы.

У артыкуле кажацца пра тое, што апошнім часам зьяўляецца ўсё больш доказаў таму, што Менск ідзе насустрач Захаду ў пытаньні дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Так, у нядзелю ў выбарах разам зь дзейным прэзыдэнтам прымуць удзел 10 кандыдатаў. А «гэта своеасаблівы рэкорд ва ўмовах адзінаўладзьдзя Лукашэнкі, які яшчэ чатыры гады таму пасадзіў за краты свайго суперніка за акцыю пратэсту ў сувязі з фальсыфікацыяй на выбарах».

Вядома, гэтая нечаканая адкрытасьць невыпадковая: вялікі сусед Расея на працягу двух апошніх гадоў зьмяншае зьніжкі на нафту і газ, дзякуючы якім Беларусь некалькі апошніх гадоў трымаецца на плыву. Аднак са скарачэньнем патоку падарункаў з Расеі і з пачаткам фінансавага крызісу гэты балянс азмрочваюць дзіркі ў бюджэце. Што да палітычнай адплаты за няўдачы ў эканоміцы, то яна прыйдзе пазьней, бо Лукашэнка вырашыў правесьці выбары да Новага году.

«Сёньня былы калгасьнік можа быць упэўнены ў перамозе: яго ўсё яшчэ ўпрыгожвае німб усенароднага дабрадзея, які ў няпросты час забясьпечыў грамадзян хлебам і сродкамі да існаваньня і зьяўляецца гарантам стабільнасьці і дабрабыту. Узровень беспрацоўя ў краіне трымаецца на нізкіх адзнаках, інфляцыя пад кантролем, зарплаты і пэнсіі растуць», — піша пра пакуль яшчэ зладжаную працу сыстэму Лукашэнкі нямецкае выданьне.

Аднак крызіс дорага абышоўся краіне. Улада вымушаная ратаваць пры дапамозе бюджэтных сродкаў прадпрыемствы, якія знаходзяцца на мяжы краху, браць на сябе выплату заробкаў і выкупляць прадукцыю. На думку экспэртаў, Менск павінен сур’ёзна задумацца аб прыватызацыі і павышэньні сваёй прывабнасьці для інвэстараў. Пакуль што гатоўнасьць да прыватызацыі застаецца на ўзроўні словаў. Паводле кіраўніка прадстаўніцтва кансалтынгавай кампаніі BNT у Менску Аляксандра Лісема, на такім рэгуляваным рынку, як беларускі, інвэстары вырашаць дзейнічаць актыўна толькі ў тым выпадку, калі ім будуць прапанаваныя кантрольныя пакеты беларускіх прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG