Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусы вельмі закрытыя што да здароўя"


Ва ўсясьветным рэйтынгу працягласьці жыцьця Беларусь займае 140 месца. Гэта адна з самых нізкіх пазыцыяў краіны за апошнія 20 гадоў. Цяпер беларусы жывуць у сярэднім 70 гадоў, прычым мужчыны дажываюць у сярэднім да 63-х, а жанчыны перасягаюць 70-гадовы рубеж. Сярод галоўных прычынаў, чаму гэты паказчык зьніжаецца як у Беларусі, так і ў іншых краінах СНД, адмыслоўцы называюць нездаровае харчаваньне, алькагалізм, курэньне, гіпадынамію і высокі ўзровень агрэсіўнасьці ў грамадзтве. Тым часам экспэрты Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ) лічаць, што кожны чалавек пры адпаведным ладзе жыцьця мае шанец стаць доўгажыхаром.

Пра тое, як здорава, здарова і доўга жыць у Беларусі, сваімі думкамі дзеліцца менскі лекар, адзін з самых папулярных вядоўцаў на тэлеканале СНД "Мір", аўтар праграмы "Пра гэта не прынята гаварыць" Аляксандар Цярэшчанка.

"Здароўе": "Беларусаў прынята лічыць памяркоўнымі людзьмі. Але апошнім часам назіраецца шмат агрэсіі, прычым на роўным месцы. Адкуль усё гэта бярэцца?"

Цярэшчанка: "Усе мы штодня маем сама меней два дзясяткі нагодаў для агрэсіі. Напрыклад, вы едзеце на аўтамабілі, і вас нехта падразае, вас штосьці настолькі чапляе, што вы ня стрымліваецеся, рэагуеце. Аднак чалавек адрозьніваецца ад жывёлы тым, што мае культуру паводзін, якая зьмякчае гэтыя моманты".
Усе мы штодня маем сама меней два дзясяткі нагодаў для агрэсіі.

"Здароўе": "Апошнім часам нідзе не даводзіцца бачыць столькі агрэсіі, як у паліклінічных установах. Прычым агрэсія ідзе з абодвух бакоў, што абсалютна дэструктыўна і ніяк не вырашае праблемы аховы здароўя. Што рабіць, калі наш чалавек ня мае права на выбар паліклінікі? Як вырашаць сытуацыю на сваю карысьць?"

Цярэшчанка: "Амаль у кожнай сваёй праграме я кажу, што перш-наперш кожны чалавек павінен знайсьці свайго лекара... Не абавязкова, каб менавіта зь ягонай паліклінікі. Цяпер ёсьць розныя магчымасьці. Ёсьць прафэсарскія прыёмы ў акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Ёсьць магчымасьць пайсьці на дыягностыку ў прыватныя мэдычныя кансультацыі. Галоўнае — проста адчуць сваю адказнасьць і неабходнасьць падтрымкі ўласнага здароўя. Хачу таксама сказаць вам, што за той час, што я раблю праграму, я ўсё болей пераконваюся: найлепшыя з нашых дактароў — на адным узроўні з дактарамі на Захадзе".

"Здароўе": "З гэтым ніхто не спрачаецца. Але ж праблема не ў адных лекарах, а ў такой рэчы, як мэдычны догляд хворага. А гэта наўпрост залежыць ад агульнай якасьці жыцьця грамадзтва..."

Цярэшчанка: "Безумоўна. Гэта пытаньні, у тым ліку і арганізацыйныя, якія трэба вырашаць штодня. На ўзроўні чыноўнікаў, мэдыкаў, якія павінны адпавядаць сваім службовым абавязкам. Але ж, паўтаруся, думаць пра ўласнае здароўе, здароўе дзяцей, сваё і іх жыцьцё павінен найперш сам чалавек. І калі гэтая адказнасьць будзе падвышацца, паверце, мы ня будзем так піць гэтую гарэлку, так паліць, рабіць тое, што гробіць нашае здароўе. Бо існуе шмат шкодных рэчаў, зь якімі
Існуе шмат шкодных рэчаў, зь якімі чалавек жыве з уласнай волі.
чалавек жыве з уласнай волі. Калі гаварыць пра наша харчаваньне, то мы ўвогуле нейкія дзеці вайны. Мы маем усё тое, што і ў любым заходнім супэрмаркеце, прычым зь меншым утрыманьнем "хіміі". Аднак у нашым рацыёне па-ранейшаму галоўнае месца займаюць бульба, сала і кілбаса. Нам лягчэй зьесьці сала на ноч, легчы на канапу. А калі схопіць сэрца, мы пачнем шукаць крайняга і знойдзем — лекар паліклінікі: маўляў, ён ня даў таблеткі на ўсё жыцьцё".

"Здароўе": "Сярод лекараў прынята вінаваціць пацыентаў у тым, што тыя прыходзяць запозна. Аднак падобныя абвінавачаньні ня вырашаць той жа праблемы забабонаў, якія існуюць у грамадзтве. Людзі неяк саромеюцца гаварыць пра свае хваробы, бо гэта можа паўплываць на кар’еру, адбіцца на статусе, бо "пра гэта не прынята гаварыць", як кажаце вы ў сваіх перадачах".

Цярэшчанка: "Такіх забабонаў, на жаль, вельмі шмат. Беларусы вельмі закрытыя ў гэтым пытаньні. І, як я лічу, гэта яшчэ тая, савецкая культура. Але апошнім часам я зьвяртаю ўвагу на тое, што калі ты пачынаеш зь людзьмі размаўляць на гэтыя няпростыя для іх тэмы, ты пераконваесься, што яны маюць патрэбу ў падобным дыялёгу. Я бачу, што такая адказнасьць за сваё здароўе пашыраецца. Гэта вельмі станоўчы момант".

"Здароўе": "Апошнім часам на Захадзе практыкуюцца публічныя споведзі, калі вядомы палітык, нехта зь першых асобаў дзяржавы прызнаецца, што мае цяжкую хваробу, але прыкладае ўсе намаганьні, каб змагацца зь ёй і перамагчы яе. Ці гэта зьява прагрэсіўная? Або гэтак "распранацца" ў нашым грамадзтве было б зарана?"

Цярэшчанка: "Я лічу, што тут не павінна быць нейкай сакрэтнасьці. Калі Рэйган цяжка захварэў і апавясьціў пра гэта ўсю нацыю, нацыя зьвярнула ўвагу на гэтую праблему. Я лічу, што палітыкі, увогуле публічныя людзі, — яны таму і публічныя, што павінны размаўляць з грамадзтвам. Я лічу, што гэта вельмі важна і, безумоўна, вельмі прагрэсіўна".

"Здароўе": "Напярэдадні цяперашніх выбараў ніхто з кандыдатаў на прэзыдэнта не прызнаўся, што мае нейкія праблемы са здароўем. Аднак усе адзначылі, што вядуць здаровы лад жыцьця, займаюцца спортам, ня п'юць і ня кураць..."
Лічу, што ў пытаньні здароўя лідэраў нацыі не павінна быць нейкай сакрэтнасьці.


Цярэшчанка: "Я вітаю стыль жыцьця новай генэрацыі лідэраў і прэзыдэнтаў на постсавецкай прасторы, якія шмат займаюцца сваім здароўем і ставяць на першае месца спорт. Я лічу, што гэта вельмі вялікі крок наперад, што гарэлка адыходзіць на такі далёкі плян. Мы ўсё далей ад гэтых уік-эндаў, якія раней зводзіліся да паляваньня і гарэлкі, рыбалкі і гарэлкі, лазьні і гарэлкі. А цяпер мы бачым іншых палітыкаў і ня толькі палітыкаў, якія дэманструюць хутчэй эўрапейскія падыходы ў пытаньні здаровага ладу жыцьця".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG