Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даў даручэньне ўраду вывучыць пытаньне аб магчымасьці вяртаньня ільготнага праезду ў грамадзкім транспарце для пэнсіянэраў і студэнтаў. Падчас наведваньня Мірскага замка ён зрабіў і іншыя заявы.

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што адносна ільготнага праезду для школьнікаў пытаньняў няма. І даў новае абяцаньне: вярнуць ільготны праезд у грамадзкім транспарце для пэнсіянэраў і студэнтаў.

Леанід Заіка
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, гэтыя крокі Аляксандар Лукашэнка вымушаны рабіць пад ціскам апазыцыйных кандыдатаў, які выступілі за вяртаньне ільготаў.

«Хоць якая карысьць ёсьць ад выбараў. Наогул, гэта трэба было рабіць больш сур’ёзна, ня так, каб за два дні да выбараў раптам прасьцей стала езьдзіць у грамадзкім транспарце. Гэта гаворыць пра тое, што ўлада вельмі слабая і вельмі неразумна сябе паводзіць. Таму ня трэба спыняцца — і далей перагледзець увесь пакет льгот».

Адказваючы на пытаньне журналістаў, Лукашэнка пракамэнтаваў нядаўнія выказваньні нібыта аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты аб тым, што пытаньне ўлады ў Беларусі можа вырашыць куля расейскага снайпэра. Ён заявіў, што ўжо прызвычаіўся да пагрозаў, якія паступаюць на яго адрас, у тым ліку зьвязаных зь фізычным зьнішчэньнем. Маўляў, яму «ўжо паўтара дзясятка гадоў, асабліва апошнія дзесяць гадоў, актыўна пагражаюць і кажуць пра нейкія кулі, снарады і так далей». Але «каму колькі пражыць прадвызначана, не яму вырашаць або снайпэру з куляй». І выбіць яго з «каляіны падобнымі заявамі ўжо вельмі цяжка». Лукашэнка лічыць, што рэальныя пагрозы існуюць у дачыненьні да любога чалавека.

Віталь Рымашэўскі адзначыў, што ніколі не казаў падобнага:

Віталь Рымашэўскі
«Зьвяртаю ўвагу, што гэтыя словы былі сказаны кіраўніком яго адміністрацыі Макеем. І таму раю паглядзець, каго ён падбірае сабе ў памочнікі. Што тычыцца БХД і мяне, я апісваю рэальную сытуацыю і кажу, і папярэджваю, што яму сёньня, відавочна, пагражае Расея. І гэта не ўратуе сытуацыю ў Беларусі, а зробіць толькі горш. Таму ў яго — толькі два варыянты. І я заклікаю прыняць другі варыянт — ісьці на перамовы зь беларускім народам, пачаць паважаць права выбару беларускага народа. Зьвяртаюся да яго: не хавацца, не адмаўляцца ад тэледэбатаў. Я казаў даўно, што расейскія штыкі альбо расейскія кулі ня могуць нам прынесьці ні свабоды, ні незалежнасьці, ні шчасьця беларускаму народу. Які б ні быў чалавек злачынца, але ў яго ёсьць шанец пакаяцца».

Таксама Лукашэнка заявіў, што не дазволіць назіральнікам, у тым ліку міжнародным, усталёўваць свае парадкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Маўляў, «мы адкрыліся — далей няма куды». Ён заявіў, што не дазволіць камусьці «варочаць на нашых участках, будзь то дэлегаты зь Нямеччыны, Францыі, ПАРЭ, АБСЭ і гэтак далей». Паводле Лукашэнкі, яго зьдзіўляюць замежныя назіральнікі, якія «ледзь не гаспадарамі адчулі сябе на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах». Маўляў, на выбарчым участку гаспадар адзін — старшыня ўчастковай камісіі. Яны нікому не павінны дазваляць «прыходзіць фатаграфаваць, апячатваць, падпісваць, расьпісваць». Паводле Лукашэнкі, «разгарнуўшы гэтую дэмакратыю па ўсёй краіне, мы далі няправільныя, няслушныя сыгналы ўсім, хто займаецца выбарамі».

Сяргей Калякін
Камэнтуючы гэтыя заявы, сустаршыня кампаніі «За свабодныя выбары» Сяргей Калякін сказаў, што Лукашэнка зноў заблытаўся:

«Ён жа казаў нядаўна, што правядзе самыя дэмакратычныя выбары, дасьць усім назіральнікам самім падлічыць галасы. І сёньня ён спужаўся сам таго, што казаў. І таму ён вельмі баіцца, што раптам падлік галасоў будзе чэсным. Тады ён не атрымае і 35% галасоў. І для таго, каб усё паставіць на месца, ён дае на месцах устаноўку сваім падняволеным памагатым, што ўсё зачыніць, не фатаграфаваць, нікому нічога не паказваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG