Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Салідарнасьці 16 сьнежня. Онлайн-рэпартаж


На плошчы Свабоды ў Менску прайшла сустрэча альтэрнатыўных кандыдатаў з выбарцамі.


19:15 Нягледзячы на заклік застацца на дыскатэку, людзі пачалі пакідаць плошчу, бо ўсе вельмі зьмерзьлі.



19:05 Сустрэча завершылася. Арганізатары са сцэны пазванілі сябрам, каб запрасіць іх на Кастрычніцкую плошчу 19 сьнежня, і заклікалі прысутных зрабіць гэтаксама.

Аб’явілі, што цяпер будзе дыскатэка.

Кандыдаты сышлі са сцэны, даюць інтэрвію журналістам.










19:00 На разьвітаньне Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў разам зачыталі верш «А хто там ідзе…». Гучаць заклікі прыйсьці на плошчу 19 сьнежня.

Андрэй Саньнікаў
Уладзімер Някляеў
Удзельнікі акцыі трымаюць у руках плякаты: «Лукашэнка-забойца, заставайся ў Гаазе», «Санька — ты банкрут, заставайся ў Гаазе», «Саня, сыходзь сам!», «Моладзь — за Статкевіча!» ды іншыя.

Андрэй Саньнікаў і Ірына Халіп


Ірына Халіп
Ігар Варашкевіч, гурт «Крама»

18:55 Прадпрымальнік Віктар Гарбачоў заявіў з трыбуны, што «да нашай і вашай перамогі засталося ўсяго тры дні».



Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч пад воплескі натоўпу заявіў: «Ня Саня застанецца з намі. З намі застануцца бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

На плошчы Свабоды правяць баль музыкі

Уладзімер Някляеў сказаў, што Плошча мае для беларусаў сакральны зьмест. Гэта — храм, куды нас кліча вера.

Някляеў адзначыў, што ён абавязкова прыйдзе на Плошчу. Прыйдзе, каб сказаць «не» фальшаваньню выбараў, каб міжнародная супольнасьць не прызнавала іх вынікаў.

Галоўнай жа тэзай выступу Някляева стаў заклік «Новыя выбары — без Лукашэнкі!». Гэтыя словы сьледам за прамоўцам пачалі выкрыкваць тыя, хто прысутнічае на плошчы перад ратушай. Уладзімер Някляеў падкрэсьліў: менавіта гэты заклік можа аб’яднаць усіх беларусаў.

18:45 Сяргей Калякін у сваім выступе заклікаў не хадзіць на датэрміновае галасаваньне. Ён заявіў, што ўлады маюць намер паставіць рэкорд — загнаць датэрмінова на ўчасткі 40 адсоткаў выбарцаў. Заклікаў прыходзіць на плошчу 19 сьнежня, каб даказаць, што «мы хочам людзьмі звацца», што «Лукашэнку — не, Беларусі — так!».



Сярод удзельнікаў акцыі прысутнічае Віталь Рымашэўскі. Аднак ён паведаміў нашаму карэспандэнту, што арганізатары яму не дазволілі выступаць.




18:35 На мітынгу выступіў Андрэй Саньнікаў.

«Сёньня праходзяць акцыі салідарнасьці па ўсім сьвеце, акцыі барацьбы за правы чалавека. І мы блізкія да перамогі, новай і незалежнай Беларусі. Лукашэнка перапужаны, і ўсё ідзе па старым сцэнары — у нас хочуць скрасьці нашы гаасы. Народу патрэбныя выбары, а не фальшаваньне. Народу не патрэбны апошні дыктатар эўропы.

Пасьля Саньніква пачаў прамаўляць Уладзімер Някляеў.


18:20 На плошчы каля тысячы чалавек. Сярод іх кандыдат у прэзыдэнты Андрэй саньнікаў, старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў прысутных прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу ўвечары 19 сьнежня.





18:05 Пачалася акцыя. Выступаюць музыкі.


17:55 На пляцоўцы каля Ратушы ўсталяваная сцэна. Гучыць музыка.

Тут ужо каля 200 чалавек. Яны трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі БХД, Эўразьвязу, кампаніі «За Някляева». Людзям раздаюць інфармацыйныя матэрыялы, запрашэньні прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Вядзецца запіс у грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

17:45 Актывісты, якія стаяць на рагу праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Леніна, каля ГУМа і Макдоналдса, праз рупары запрашаюць мінакоў на сустрэчу з Саньнікавым і Някляевым на плошчы Свабоды.



17:30 Перад пачаткам месца правядзеньня акцыі на плошчы Свабоды спрабавалі заняць будаўнічай тэхнікай і аўтамабілямі. Аднак пасьля звароту ў ЦВК, гэтыя дзеяньні былі спыненыя. На месца выяжджалі супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта паведаміла прадстаўніца штабу Ўладзімера Някляева Раіса Міхайлоўская.

Напярэдадні


У Дзень салідарнасьці — сустрэчы на плошчы Свабоды


16 дня кожнага месяца ў Беларусі і за мяжой праводзяцца Дні салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем'ямі зьніклых апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Дата зьвязаная з падзеяй 16 верасьня 1999 году, калі ў Менску былі скрадзеныя невядомымі апазыцыянэр Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

З ініцыятывай правядзеньня Дзён салідарнасьці 16 дня кожнага месяца ў верасьні 2005 году выступілі лідэр грамадзкага руху “Мы памятаем” Ірына Красоўская, журналістка Ірына Халіп і актывіст руху “Зубр”Мікіта Сасім.

Ініцыятыва праводзіць Дзень салідарнасьці ўзьнікла пасьля таго, як міліцыя 16 верасьня 2005 году разагнала акцыю памяці зьніклых апазыцыянэраў. Тады ўдзельнікі акцыі выйшлі на вуліцу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і партрэтамі Віктара Ганчара, Юр'я Захаранкі і Зьмітра Завадзкага. У той жа дзень моладзевы актывіст Мікіта Сасім узьняў джынсавую кашулю як сымбаль супраціву рэжыму ў Беларусі. Мікіта Сасім быў зьбіты і трапіў у шпіталь. Ад таго часу Дзень салідарнасьці адзначаецца штомесяц 16 чысла.

Першапачаткова арганізатары заклікалі суграмадзянў а 8-й гадзіне вечара на 15 хвілінаў выключыць сьвятло ў сваіх кватэрах і запальваць сьвечкі. Пазьней акцыі ў Дзень салідарнасьці праводзіліся ў розных фарматах – ад жывых ланцугоў да расклейваньня партрэтаў і вывешваньня расьцяжак. Традыцыйна ў гэты дзень таксама запальваюць сьвечкі каля партрэтаў палітвязьняў і зьніклых апазыцыянэраў.

Неаднойчы супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі дзясяткі актывістаў апазыцыі за ўдзел у акцыях на Дні салідарнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG