Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: "Пагрозы існуюць рэальна ў дачыненьні да любога чалавека"


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка заявіў, што ўжо прывык да тых пагрозаў, якія паступаюць на яго адрас, у тым ліку зьвязаных зь фізычнай ліквідацыяй.

"Мяне ўжо гэта нават не напружвае, я ўжо прывык да гэтых пагрозаў. На вашых вачах ужо паўтара дзясятка гадоў, асабліва апошнія дзесяць гадоў, мне актыўна пагражаюць і кажуць пра нейкія кулі, снарады і так далей. Але я пакуль жывы-здаровы, дзякуй Богу", заявіў Лукашэнка журналістам падчас наведваньня Гарадзенскай вобласьці.

Так ён пракамэнтаваў нядаўнія выказваньні аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты пра тое, што пытаньне ўлады ў Беларусі можа вырашыць куля расейскага снайпэра, перадае Інтэрфакс.

"Што тычыцца канкрэтнага выпадку. Ну, дзяцюк, дурны пацан. Калі б ён быў разумны, ён такога б не сказаў. Таму мяне гэта ўжо нават не напружвае, я ўжо прывык да гэтых пагрозаў. Каму колькі пражыць прадвызначана, не яму вырашаць або снайпэру з куляй. Мусіць, ёсьць у сьвеце, хто абумовіць, колькі жыць мне, колькі жыць вам і гэтак далей. Таму мяне выбіць з каляіны падобнымі заявамі ўжо вельмі цяжка".

У гэтай сувязі ён нагадаў пра сытуацыю падчас перадвыбарчай кампаніі 1994 году, "калі расстралялі маю машыну, прыстрашыць хацелі".

"Калі б хацелі забіць, то забілі б. Калі я тое перажыў, то для мяне гэта ўжо не праблема", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытаньне, ці існуюць рэальныя пагрозы на ягоны адрас, Лукашэнка сказаў:

"Пагрозы існуюць рэальна ў дачыненьні да любога чалавека. Мы жывем у такім складаным сьвеце, што гэта цалкам рэальна, ня толькі ў дачыненьні да прэзыдэнта".

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ён ня мае намеру апраўдвацца ў сувязі з ілжывай інфармацыяй, якую нібыта вылівае на яго апазыцыя. Ён дзівіцца ўласнай цярплівасьці з гэтай нагоды.

"На злодзеі і шапка гарыць. Ім, гэтым праўдарубам і байкапісцам, трэба было б расказаць пра сябе, як дзейны прэзыдэнт некаторых зь іх за вушы з турмы выцягваў. Вось гэта народу было б цікава", — заявіў Лукашэнка.

Таксама ён заявіў, што не дазволіць назіральнікам, у тым ліку міжнародным, усталёўваць свае парадкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

"Мы адкрыліся — далей няма куды. Але трэба разумець, што мы — краіна, у нас ёсьць свой народ, і мы ня можам дазволіць камусьці арудаваць на нашых участках, будзь то дэлегаты з Германіі, Францыі, ПАРЭ, АБСЭ і гэтак далей. Гэта наша сувэрэннае права, мы — гаспадары на нашай зямлі, і мы будзем праводзіць падобныя мерапрыемствы", — заявіў Лукашэнка, перадае Інтэрфакс.

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў краіне немагчымыя канфлікты на міжнацыянальнай глебе. Ён заявіў, што не дапусьціць падзей, падобных тым, якія адбываюцца ў Маскве.

"У нас сытуацыя кіраваная. У нас няма той крытычнай масы, якая, можа, ёсьць у Расеі ".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG