Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя зьняпраўджвае інфармацыю, якая зьявілася раней у шэрагу СМІ, аб тым, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Менск сьцягваюцца дадатковыя міліцэйскія сілы і спэцтэхніка.

Пра гэта РИА Новости заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкама.

"Мы робім высновы са становішча. Становішча не такое напружанае, як гэта было падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года. У нас хопіць ўласных сілаў і сродкаў, каб забясьпечыць правапарадак у пэрыяд выбараў і пасьля іх правядзеньня".

З 13 сьнежня ўсе падразьдзяленьні Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Мінгарвыканкама пераведзены на ўзмоцнены варыянт вядзеньня службы.

У Міністэрстве абароны таксама заявілі, што ў Менск не сьцягваюцца вайсковыя падразьдзяленьні, і рабіць гэта не плянуецца.

Міністэрства абароны Беларусі патлумачыла БелаПАН, што перамяшчэньне вайсковай тэхнікі ўвечары 15 сьнежня паблізу сталіцы было зьвязана з тым, што ў пункт сталай дысьлякацыі ў раёне Ўручча з палявога выхаду з Барысаўскага палігону вярталіся тэхніка і асабісты склад аднаго з падразьдзяленьняў 120-й асобнай мэханізаванай брыгады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG