Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі траціна расейцаў лічаць Беларусь дружалюбнай краінай


Усё менш расейцаў лічаць Беларусь дружалюбнай дзяржавай і ўсё больш робіцца тых, каму цяжка вызначыць яе дзяржаўны лад.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на сацыёлягаў ВЦИОМ.

Паводле апытаньня, праведзенага 11—12 сьнежня ў 46 рэгіёнах Расеі, доля рэспандэнтаў, якія лічаць Беларусь дружалюбнай дзяржавай, зьнізілася да 37% з 50% у 2008 годзе.

У той жа час група тых, хто ўспрымае Беларусь як гандлёвага і эканамічнага партнэра, засталася практычна стабільнай (31% супраць 33% у 2009 годзе). Лічыць гэтую дзяржаву стратэгічным партнэрам па-ранейшаму схільны мала хто (8%).

Уяўленьні расейцаў пра палітычны лад Беларусі з моманту апошніх прэзыдэнцкіх выбараў таксама памяняліся.

Раней рэспандэнты былі найбольш схільныя лічыць яго дэмакратычным (28% супраць 20% сёлета), цяпер жа на першы плян выйшла думка, згодна зь якой палітычны лад Беларусі — аўтарытарызм (24% супраць 19% у 2008 годзе).

Удвая больш стала тых, хто лічыць, што гэтая краіна — таталітарная дзяржава (14% супраць 7% у 2008 годзе).

Больш распаўсюджанымі сталі ўяўленьні пра Беларусь як пра краіну з сацыялістычным ладам (17% супраць 13%).
XS
SM
MD
LG