Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў у Гомелі: Я прыйду на адзін тэрмін


15 сьнежня ўвечары кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў правёў дзьве сустрэчы з выбарцамі Гомелю: у вучэбна-мэтадычным цэнтры прафсаюзаў і палацы культуры «Фэстывальны». Залі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі былі перапоўненымі. Нават палац «Фэстывальны», дзе амаль 700 месцаў, ня змог зьмясьціць усіх ахвотных.

Уладзімер Някляеў выступ пачаў з анэкдоту, у якім ёсьць вядомыя літаратурныя пэрсанажы: варона, якая сядзела на дрэве з сырам у дзюбе, і ліса, што сядзела пад дрэвам. Ліса пытаецца: «Варона, ты на выбары ідзеш?» І так раз за разам. Урэшце, вароне надакучыла, і яна адказала: «Так!» Сыр, натуральна, выпаў. Сядзіць варона й думае: «А калі б сказала: «Не»?

Адсюль і прапанова разабрацца, хто крадзе сыр?

Някляеў: «Колькі ў нас тут народу, якія атрымліваюць заробак 500 даляраў? Падыміце, калі ласка, рукі. Ёсьць! Адзін, два, тры, чатыры, пяць… А павінна быць як мінімум палова. Чаму? Бо 500 даляраў — гэта сярэдні заробак. Чаго так? Значыць, сыр хтосьці дзесьці (з залі падказваюць) падграбаў».

На простых прыкладах Уладзімер Някляеў паказаў, што цяперашняя ўлада закрытая для выбарцаў. І толькі байкі баюць і чыноўнікі, і тэлебачаньне, што адзін чалавек у краіне і корміць людзей, і поіць, і пэнсіі плаціць.

Някляеў: «Проста пакажыце нам, што ў пэнсійным фондзе на сёньняшні дзень робіцца? Вы — хоць адзін чалавек! — чыталі калі-небудзь справаздачу гэтага самага пэнсійнага фонду? Так насамрэч гэтыя грошы нам аддадзены ці не? Ці нехта ўсё-ткі гэты сыр з пэнсійнага фонду падграбае? Павінен быць усяму давер! Ёсьць яшчэ адзін фонд — так званы прэзыдэнцкі, пра які прэзыдэнт сказаў, што ён роўны бюджэту краіны».

Паводле Някляева, палітыка краіны мае быць адкрытай, зразумелай людзям. Павінны дзейнічаць не карупцыйныя схемы прыватызацыі, а законы.

Грамадзтва ня ведае пра сутнасьць падпісаных зьнешнеэканамічных пагадненьняў — той жа Адзінай эканамічнай прасторы. Някляеў перакананы, што за проста так дзейнаму кіраўніку дзяржавы руку ня ціснулі, у Маскву не запрашалі. Ніхто не ўпаўнаважваў Лукашэнку падпісваць у Маскве ў 98-м годзе й дамову пра стварэньне саюзнай дзяржавы.

Кандыдат у прэзыдэнты распавёў пра рэформы ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы. Пра тое, што беларусам ня трэба ні ў каго нічога прасіць.Трэба зарабляць — і разьлічвацца за газ, за нафту.


Крытычна настроеныя асобы зь ліку штатных ідэолягаў і БРСМ, якія й гэтым разам былі ў залі, пыталіся ў Някляева:

«Тут напісана, што мы ведаем, як ажыцьцявіць праграму, як гэтага дамагчыся. Дык скажыце, калі ласка, што вы й вашы спэцыялісты канкрэтна зрабілі для народу, каб лепей жылі?»

Някляеў: «Канкрэтна спэцыялісты распрацавалі вось гэту самую праграму. А калі я прыйду да ўлады, гэтыя самыя спэцыялісты зробяць праграму рэальнасьцю. Для таго, каб ажыцьцявіць праграму Лукашэнкі, патрэбны Някляеў. Разумееце, якая сытуацыя?! Таму што Някляеў не ўпіраецца ў пытаньне ўлады. Я сказаў адразу: я прыйду на адзін тэрмін, я прывяду спэцыялістаў. Я зраблю палітычныя й эканамічныя рэформы. Я запушчу людзей працаваць» І ўсё! І я буду лічыць сваю задачу вы-ка-на-най.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG