Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Улады спахапіліся, вырашылі дадаць перцу і страху»


Аляксандар Лукашэнка патрабуе ад правахоўных органаў не паддавацца на правакацыі і надзейна забясьпечыць абарону грамадзянаў падчас выбараў. Пра гэта Лукашэнка заявіў 15 сьнежня на нарадзе па пытаньнях прэзыдэнцкай кампаніі і забесьпячэньні грамадзкай бясьпекі. «Рэакцыя праваахоўных органаў, ды і ваенных, павінна быць адэкватнай і жорсткай», — заявіў Лукашэнка. Як можна ацаніць гэтыя ды іншыя заявы кіраўніка дзяржавы? На каго яны накіраваныя? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.


Цыганкоў: Каму найперш накіраваныя гэтыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі? Ці меў ён на мэце напалохаць патэнцыйных удзельнікаў акцыі, зрабіць так, каб людзі не прыйшлі на яе, ці можа ягоныя словы былі накіраваныя да супрацоўнікаў сілавых структураў?

Старыкевіч: Думаю, да супрацоўнікаў сілавых структураў Лукашэнка мае і так шмат каналаў, каб давесьці сваё стаўленьне і загады адносна розных абставінаў.

Вядома, ягоныя словы скіраваныя да патэнцыйных удзельнікаў Плошчы. Бо існуе такі погляд, што, паколькі кампанія была адносна лібэральная на этапе збору подпісаў і агітацыі, то на Плошчу можа выйсьці істотна больш народу, чым у 2006 годзе. Якраз тады ішло вельмі жорсткае запалохваньне, пагражалі крымінальнымі справамі, абвінавачваньнем у тэрарызьме і гэтак далей. Таму ўлады спахапіліся, вырашылі дадаць перцу і страху, каб тыя, хто яшчэ вагаецца, ня думалі, што выхад на Плошчу таксама будзе ўспрымацца нэўтральна.

Цыганкоў: З аднаго боку, Лукашэнка кажа, што «рэакцыя праваахоўных органаў, ды і ваенных, павінна быць адэкватнай і жорсткай». Зь іншага — заяўляе, што «трываласьць улады сёньня настолькі вялікая, што нам няма неабходнасьці прымяняць нейкія надзвычайныя захады»…
Лукашэнка часта робіць супярэчлівыя заявы ў межах адной прамовы.


Старыкевіч: Гэта стандартны стыль Лукашэнкі. Ён часта робіць супярэчлівыя заявы ў межах адной прамовы. Каб кожны пачуў тое, што ён хоча пачуць.

Цыганкоў: Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся пра датэрміновае галасаваньне. Ён даў нават Віктару Шэйману заданьне разабрацца з фактамі прымушэньня да датэрміновага галасаваньня. Лукашэнка адрэагаваў на тыя факты, якія ўжо зьявіліся ў прэсе, пра шматлікія парушэньні падчас датэрміновага галасаваньня?

Старыкевіч: Гэта такі спэктакль, найперш для Захаду. Гэта ўжо было раней, калі гаварылася, што Менск загадаў рабіць усё «па-чэснаму», а на месцах не разабраліся і падышлі да выбараў «па-старому».

Але ж відавочна, што датэрміновае галасаваньне Лукашэнку неабходнае, і таму ён у межах адной і той жа прамовы кажа, што начальнікі могуць «папрасіць» людзей ісьці на датэрміновае галасаваньне. Уяўляеце, як кіраўнік прадпрыемства просіць сваіх працоўных, і як яны рэагуюць на гэта. У «Хросным бацьку» быў такі выраз: «прапанова, ад якой нельга адмовіцца». Тут, як мне здаецца, штосьці падобнае.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG