Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грамадзян» выпусьцілі, улёткі канфіскавалі


Актывістаў грамадзкай кампаніі «Грамадзянін» Юрыя Пясінскага, Кірыла Багданчука і Ягора Марчыка выпусьцілі з аддзелу міліцыі Савецкага раёну Менску праз 3 гадзіны пасьля затрыманьня.

«На кожнага склалі пратакол-апытаньне, канфіскавалі ўлёткі, узялі адбіткі пальцаў і сказалі рыхтавацца да суду. Фізычнай сілы не ўжывалі», — кажа актывіст кампаніі Мікіта Красноў.

Сталі вядомыя падрабязнасьці затрыманьня. Раніцай 15 сьнежня Пясінскі, Багданчук і Марчык абыходзілі выбарчыя ўчасткі на тэрыторыі Савецкага раёну і раздавалі сябрам выбарчых камісій улёткі з напамінам аб адказнасьці за фальшаваньне выбараў. За дзень хлопцы абышлі болей як 30 участкаў. Паводле актывістаў, да іх паўсюль ставіліся нармальна. Праблемы ўзьніклі толькі пасьля наведваньня 31-га і 45-га ўчасткаў, якія знаходзяцца ў Цэнтры дашкольнага разьвіцьця «Сьветач» і 137-й сярэдняй школе, — актывістаў затрымала міліцыя.

«16 сьнежня зноў будзем раздаваць сябрам выбарчых камісій улёткі з напамінам пра крымінальную адказнасьць за фальшаваньне выбараў», — паведаміў «Свабодзе» Мікіта Красноў.
XS
SM
MD
LG