Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці патрэбны кантракт дворніку?


Міністар працы Марыяна Шчоткіна лічыць, што адмаўляцца ад кантрактнай сыстэмы ў Беларусі час не прысьпеў, і таму ня трэба мяняць законы, якія рэгулююць наём працаўнікоў, перадае БелТА. «Абавязацельствы пры заключэньні толькі кантракту з грамадзянінам, якога бяруць на працу, закон не ўтрымлівае. Бакі (наймальнік і працаўнік) самастойна вызначаюць від працоўнай дамовы, паводле тэрміну яе дзеяньня», — сказала Марыяна Шчоткіна.

Некаторыя з кандыдатаў на прэзыдэнта ў сваіх праграмах заявілі пра намер скасаваць у Беларусі кантрактную сыстэму. Як кандыдаты пракамэнтавалі заяву міністра Шчоткінай пра тое, што адмаўляцца ад кантрактнай сыстэмы ня трэба?

Яраслаў Раманчук
Кандыдат на прэзыдэнта, эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Сёньняшняя кантрактная сыстэма — гэта магутны мэханізм утрыманьня працаўніка пад кантролем. Таму ўлада і не зьбіраецца яго адмяняць, бо страціць кантроль. Заява міністра працы сьведчыць пра тое, што Лукашэнка гэты кантроль страчваць не зьбіраецца, і найперш ён не жадае дапускаць працаўнікоў да прыватызацыі. Толькі нехта пачне „качаць правы“ — яго адразу можна звольніць. Між тым падчас выбарчай кампаніі працаўнікі буйных прадпрыемстваў скардзяцца мне, што ня маюць нават таго, што мелі 15 гадоў таму. „Беларуськалій“, МНПЗ, „Хімвалакно“ — там кажуць, што іх інтарэсы як прадстаўнікоў працоўнага калектыву ўвогуле неабароненыя.»

Віктар Цярэшчанка
Кандыдат на прэзыдэнта, эканаміст Віктар Цярэшчанка:

«З высновамі спадарыні міністра цалкам нязгодны. Цалкам супраць кантрактнай сыстэмы, адмяніў бы яе адразу, бо мяркую, што яна абмяжоўвае правы працаўніка. Менавіта працаўніка, паколькі што да міністра, ягоных намесьнікаў, дырэктараў прадпрыемстваў — для іх кантрактую сыстэму як раз варта захаваць. А замест сёньняшняй тэрміновай кантрактнай сыстэмы варта вярнуцца да былой сыстэмы, да бестэрміновых кантрактаў. У нас працоўная дамова заключаецца на год, на 2 ці максымум 3 — гэта калі працаўнік «чарку» налье майстру. Бестэрміновы кантракт мусіць рэглямэнтаваць як працоўныя моманты — умовы і рэжым працы — гэтак і адпачынак, сацыяльны пакет. А сёньня гэтага няма, бо кантракт адмыслова заключаюць як на мага карацейшы тэрмін. Каб было лягчэй у нейкім выпадку без усякіх юрыдычных праблем чалавека звольніць. А каб быў кантракт бестэрміновы, наймальніку трэба было б прыкласьці шмат намаганьняў для звальненьня, сабраць усе доказы, правесьці пэўную працэдуру. А тут год закончыўся: хачу працягну — хачу не працягну».

Рыгор Кастусёў
Кандыдат на прэзыдэнта, намесьнік дырэктара будаўнічай фірмы Рыгор Кастусёў:

«Міністар, відаць, жыве ў той Беларусі, якую паказваюць па тэлевізары. Ці бывае яна на прадпрыемствах, ці размаўляе з простымі працаўнікамі? Вось я ўвесь час зьдзіўляюся, навошта заключаць кантракт з дворнікам? Між тым нават яго прымушаюць заключаюць кантракт, і міністар мусіць ведаць такія факты. Зразумела, дзеля чаго ўведзеная гэтая кантрактная сыстэма: каб людзі сядзелі, як мыш пад венікам, і маўчалі. І пазыцыя Марыяны Шчоткінай зразумелая — яна зноўку працуе на рэжым, на захаваньне сытуацыі, калі кожны сядзіць моўчкі, баіцца сказаць слова. Так лягчэй кіраваць людзьмі — таму, мяркую, і ўведзеная кантрактная сыстэма.

Мяркую, кантрактная сыстэма для працаўнікоў магчыма толькі ў выключных выпадках — прыкладам, калі чалавек працуе на нейкім сакрэтным аб’екце, бо ён валодае дзяржаўнай сакрэтнай інфармацыяй. Але навошта кантрактная сыстэма сьлесару, токару ці дворніку? Толькі для аднаго: каб чалавек баяўся, падпішуць яму далей кантракт ці не падпішуць. Самае жахлівае, што кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў выкарыстоўваюць гэта ў асабістых мэтах. Да мяне падчас сустрэчы зьвярталася жанчына, якую кіраўнік прымушаў да інтыму, пагражаючы непадпісаньнем кантракту. Вось да чаго даходзіць!»
XS
SM
MD
LG